Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

— Хто?
— Якісьці малады чалавек.
— Даўно?
— А ўжо хвілін з дваццаць.
Адчыніўшы дзверы ў свой пакой, Рыгор угледзеў Рудольфа Шульца. Той падняўся з крэсла і з газетаю ў руках гасцінна кіўнуў галавою.
— Даруй, Рыгор, што я так нахрапна залез у твой пакой.
— Будзь ласкаў, я вельмі рад цябе ўгледзець. Я думаў, што ўжо ты... Чытаў прыказ кранштацкага каменданта?..
— Чытаў... Вось, бачыш, даводзіцца пакінуць Пецярбург... Ворагам стаў...
Рыгор як зняў паліто, так і стаяў з ім, забыўшыся павесіць. Вестка пра Наталю разбурала яго пачуццёвы свет, блытаючы ўвагу да гутаркі,
— Можа б, гарбаты шклянку, Рудольф? — запытаў Рыгор.
— Дзякую. Я зусім на кароткі час. Мне сёння а дванаццатай гадзіне ўначы тэрмін пакінуць сталіцу.
Рудольф прысеў.
— Я прывёз да цябе,— сказаў ён далей, паказваючы пальцам у бок ложка,— каб ты, браток, захаваў у сябе вось гэту пару маіх куфэрачкаў... Вярнуся — забяру. Можна, Рыгор?
— Куды ж ты мусіш ехаць?
— Прадпісана ў Арэнбург... Прасіўся да бацькоў — у Лерм. Адмовілі...
— I бацькі высланы?
— Го, яны ўжо месяц таму...
Рудольф хвілінку памаўчаў. Пасля раптоўна ўстаў і зрабіў два крокі па пакоі.
— Ведаеш, Рыгор, бацька мой перажывае вялікую трагедыю. Надоечы атрымаў ліст і, я табе кажу,— жах... Пякельны жах...
Рудольфавы рукі ляглі на махнатай, непрычэсанай галаве. Рыгор пачуў злосны скрыгат зубоў.
— Што, што за дзіва? — прыўстаў і Рыгор.
— Ты добра ведаеш майго бацьку... Я не скажу, каб ён быў ідэальнай чыстаты, але... ён чалавек не благі... Гэта жывая машына... У сваю майстэрню ён укладваў душу. Жыў ёю... I жыў Смагінам... Ды пакаўзнуўся чалавек. Не паспеў, ці не мог, ці не хацеў атрымаць падданства — і на табе... Адарвалі ад месца, ад кавалка хлеба і — у ссылку. Бадзяецца без працы, праклінае сябе, жыццё, долю... Моліць пра дапамогу... А што я зраблю, калі і я ў тым жа стане... Вайна,— і я вораг, бязвінны вораг нават былым прыяцелям і блізкім... Ды болей таго... Гэтага мала, што...
Рудольф разнерваваўся да адказу.
— Я дам табе на дарогу рублёў дзесяць.
Рыгор мігам выцягнуў з кішэні паралез і ваткнуўся ў яго.
— Не трэба!
Рудольф хапіў Рыгора за руку.
— Бяры — аддасі... Ды кланяйся бацьку... Нічога... Адамсцім, Рудольф... Сарафіна Хлораўна! — гукнуў Рыгор.
— Бывай жа!.. Дзякую, дзякую... Рудольф працягнуў руку. Яны пацалаваліся.
— Гарбаты вып'еш, Рудольф?
— Дзякую, няма часу. Бывай!
— Не сумуй, таварыш. Да блізкага спаткання. Гаспадыня   настарожана   паглядзела   ўслед   Рудольфу.
— Вам адзін прыбор? — запытала яна ў Рыгора.
Рыгор нервова коўзаўся па крэсле. Налітая ў шклянку гарбата некалькі разоў пакідала тацу і варочалася назад. На запыленай сурвеце красавалася каля дзесятка мокрых плямак... Чайная лыжачка саскочыла на падлогу і ўгадзіла пад абсац Рыторава бота... У горле смагла, але піць не хацелася. Сіні абажур лямпачкі абвіваўся шэрым туманам... Рыгора цятнула ў некалькі канцоў — так веерам і разбягаліся шляхі. Ён адчуваў, што яго чакаюць, думаюць пра яго — а ісці не мог. Штосьці трымала ў пакоі, беспрытульным і не сваім на гзты раз. Якім чынам усё так збеглася нечакана, тлумна і хаатычна, ён не мог сказаць... Скрыжавалася, змітусілася... Рудольф!
Яго пацягнула да акна.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119