Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

Сонечная марозная раніца іграла зайчыкамі на сценах пакоя. На вуліцы чулася ваенная музыка. Вадзёрыя гукі труб і зычны стук барабана біліся ў шыбы вокан, вабячы Рыгора.
Ён устаў і праз гадзіну часу ўжо быў на вуліцы. Аб'іненыя дрэвы церусілі драбнюткімі-крышталямі снегу. Кудысьці спяшыла грамада вучняў на чале з настаўнікам. 3 Выбаргскае шашы даносіўся грукат паравіка. На чырвонай сцяне мура, у які ўпіралася вуліца, адбіваўся чорны сілуэт гарадавога. Калі ён павяртаўся перадам да Рыгора, медная бляха на шапцы адбівала сонцам.
«Ці не той самы, з якім я ўчора меў справу?» — пажартаваў Рыгор, і, калі параўняўся з ім, гарадавік пільна паглядзеў на яго і тут жа адвярнуўся. Рыгор кінуў пра гэта думаць і накіраваў у горад.
Нягледзячы на моцны мароз, паравік быў перапоўнены людзьмі. Ішла рэзвая гутарка пра апошнія здарэнні на вайне. Хтосьці спераду яго скардзіўся на абмылковасць разлікаў у рускага камандавання к калядам апынуцца ў Берліне. Жаночы голас узвальваў віну за гэта на Балгарыю ды Італію. Яшчэ хтосьці з запалам агітаваў за збор цёплых рэчаў. Побач хвалілі невычарпаную энергію салісткі «яго вялікасці» Марылі Долінай, даваўшай у цырку Чынізеллі дваццаты «патрыятычны канцэрт». Далёка не сугучным першаму звінелі скаргі дзвюх бабулек на ўздаражанне мяса.
Кандуктар таксама лічыў патрэбным устаўляць ад сябе словы ў кожную гутарку. Гэта, відаць, яго цешыла і здавальняла, бо ён несціхана ўхмыляўся. Ён узяўся за артыстку Доліну, калі паравік абмінаў Сампсоніеўскую царкву. У напоўнены вагон шугнула новая грамада пасажыраў.
— Усе на «патрыятычны канцэрт»... Які патрыятызм у людзей! Дайце вальней уздыхнуць ад яго! — прагукнуў кандуктар у насядаўшы натоўп.
Яго рука, павісшы на рамушку ад сігнальнага званка, падалася ўбок, і вагон рушыў. Услед яму лагналіся лаянкі не папаўшых у паравік. Раптам сярод разнастайных галасоў вылучыўся свіст гарадавіка; ён быў нагэтулькі зычным, што пасажыры абярнуліся ў бок задніх дзвярэй. Кандуктар тузаў вяроўку, даючы сігнал спыніцца. Знянацку штуршок таўхануў напікованы людзьмі вагон. Кагосьці прыціснулі, чыясьці рука праламіла шыбу, і шкло зазвінела срэбраным гукам.
Яшчэ не ўсе чарапкі разбітага акна апынуліся на ўгладжаным снягу, як гучная лаянка напорным струменем варвалася перш на пляцоўку вагона, а следам праз рашуча прачыненыя дзверы — у сярэдзіну яго. Нельга было не пацікавіцца на грозны голас крыкуна, на яго ваяўнічы настрой. I калі дзесяткі вачэй накіравалі ў яго бок свае ўзрокі,— стройная, асаністая фігура чарнамазага велікана-генерала спыніла іх на сабе.
Рудымі буйнымі вачыма генерал аглядаў вагон, людзей, афішы і забойна лаяў кандуктара. «Хам'ё,— адрыўна ляцелі словы з генералавых густа аброслых губ: —Яшчэ не паспелі вас выхаваць належным чынам. К-кашы-і бярозавае мала спыталі, мужыччо... У акопы, пад нямецкія кулі, погань».
Рыгор затросся ад абурэння. У яго нутры забушавала прагнае хаценне кінуцца на царскага пампадура і расквасіць яго наглую морду. Ужо ён намерыўся да павароту, як яго пераняў выгук кандуктара; «Тут смелыя, а на фронце-э...» Гэта падліло масла ў агонь: генерал мігам спыніў паравік, выперся на пляцоўку і ва ўсю моц гукнуў гарадавіка. Пасажыры змоўклі і нашарохана пераглядаліся. Некаторыя сталі пакідаць вагон.
— Ну, гэта ж недапусцімая рэч! — гукнуў Рыгор і следам пазваніў важатаму. Паравік крута рвануў з месца. Генерал не ўтрымаўся і бухнуў з пляцоўкі на мёрзлую зямлю. Скрозь гаму скрыпаў і стукаў калёс можна было ўлавіць немыя крыкі генерала. Ды яны не маглі ўплыць на бег паравіка. Не спынілі яго раней асганоўкі і палахлівыя з озіркам сказы некаторых пасажыраў.
ІІерад клінікай Вілліе Рыгор першым выскачыў з паравіка і перасеў на трамвай.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119