Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

Гэта навіна востра зацікавіла Рыгора і Сроля. Яны рэшту часу, праведзенага ў гасцях у Гэлі, не астаўлялі Сёмкі без свае ўвагі.
Кожны стараўся лепей вымеркаваць план, калі б і як перацягнуць Сёмку з Сілцоў у горад.
Але ўрэшце ім не ўдалося спыніцца ні на акрэсленым часе, ні на пэўным горадзе.
I Рыгор, і Сроль пакуль мала арыентаваліся ў сваім наступным. Перад адным і перад другім, аднака, губіліся няясныя перспектывы іх будучыні.
У адносінах да Сёмкі пры іх аставалася ўсяго добрае сэрца і цёплае пачуццё таварышаў — ды ці ж з гэтым адным можна было ўступаць у вайну з жорсткім жыццём з-за таварыша?
Для Гэлінага гонару, аднак, хапала таварышавага завярэння, і яна з здавальненнем сустрэла ўспыхшае ў сабе жаданне паведаміць пра гэта Сёмку.
Але ўжо праз некалькі хвілін пасля гэтага, калі нечакана для ўсіх пад вокнамі загрукацелі падводы, а па «гатэлі» ўдвоілася ад'езная сумятлівасць, Гэля забылася мімалётнага парыву,— праўдзівей,— ён затушыўся ў яе нутры непрыемнай выявай сапраўднасці.
Гэта ж сапраўднасць вачавідкі пляміла чорнаю хваробаю халоднага расстання цеплату і бляск знянацкай мілай стрэчы...
Хлопцы выразна адчувалі прыкры настрой перад-дарожжа, што раптам заваладаў Гэляй. Яны з няцерпам чакалі знікшага з пакоя Лазара, каб развітацца.
— У цябе па-нашаму, Гэля,— мяркуючы развеяць яе сум, спачувальна праказаў Рыгор: —тут сядзіш, а тут паднялася і ляці.
— Ой, я ўжо так стамілася ад гэтых пералётаў, што яны мне, як нож у сэрца.
— Толькі без роспачных думак... Я бачу, што ты ёмка прыстасавалася да падарожнага жыцця.
— Ты хіба смяешся?
Гэля адвярнулася ад адчыненага куфэрка, у якім наздзіў шустра гаспадарылі яе ўвішныя рукі, і ўпічна паглядзела на Сроля.
— Усяго і ўцехі, што ў прыказцы: «голы збірайся — голы гатоў».
— Гатова? — не зразумеў яе ўляцеўшы ў пакой Лазар.— Наробяць пажару, як на цягнік спешучы,— вылаяўся ён, бегаючы па пакоі: —думалі к вечару, а яны — на табе, а полудні...
Пасля спыніўся, каб прыняць ад гасцей падзяку, і развітаўся з імі.
— Даруйце, што ў гэткую пару мы запрасілі вас,— выбачыў ён.
— ІІІкадуем, што мы вам не маглі адплаціць тым жа! — адказаў за дваіх Рыгор.
— Хіба ўжо пры чарговым спатканні,— пажартаваў Сроль.
— А гэта не безнадзейна!
— Калі не суджана будзе вам вярнуцца ў Сілцы! Га-а, Рыгор,— дадала Гэля.
I, адарваўшыся ад упакоўкі, яна пачакала Рыгоравага адказу на запытанне.
— У гэтым не магу цябе запэўніць,— адказаў Рыгор.
— Усё ж я буду прасіць цябе, калі здарыцца наведаць Сілцы — не забудзь перадаць маім бацькам пра паша спатканне...
— Ці ж варта дапамінаць?..
Магчыма, іх гутарка зацягнулася б яшчэ хвілін на дзесяць — дваццаць — вострасць яе, як звычайна бывае перад расстаннем, хутка ўздымалася, але Міхель абарваў іх сваім уваходам у пакой.
Заклапочаны адездам артыстаў, ён не абмінуў паскардзіцца Рыгору з Сролем на сваё пагоршанае, у звязку з гэтым, становішча.
— Вось так і жывеш — выпадкамі, толькі выпадкамі,— раэвёў стары рукамі: — лёс прынясе добрых людзей — і з тэю ж раптоўнасцю іх забірае... Каб у яго было болей літасці да мяне, старога,— магчыма б, я мог крыху акрыяць... А то... I мне добрыя людзі трэба, трэба яны і Крамнікам, ды яшчэ і іншаму каму... Ці ж гэта невядомая рэч?..
Не стрэўшы адказу, ён абярнуўся да Лазара:
— Вось вам, калі ласка, рахунак...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119