Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

Узяўшы з рук Міхеля кавалачак спісанай паперкі, Лазар пачаў лічыць грошы. Лічачы, ён не заўважыў, калі Рыгор з Сролем выйшлі з пакоя. Праляцелі ў яго між вушшу і апошнія пажаданні поспеху, пасланыя імі Гэлі...
Толькі праз акно ён прыкмеціў беглае прамігненне пары чорных кропак — якія прадстаўлялі галовы Рыгора і Сроля. Яны схаваліся за сцяною ўправа, у бляску расчырвоненага променя, што паказваючы на мароз, сонца ліло яго ў разварушаную каморку.
Калі разыходзіліся па хатах, Сроль паабяцаў Рыгору яшчэ з тым-сім пагутарыць пра работу.
— А ты мне паведаміш пра вынікі твае гутаркі?
— Можна нават і сёння.
— А сапраўды, заскоч вечарам.
— Пастараюся.
Думкі аб працы чамусьці нямоцна мулялі Рыгора. Праведзены ў Гэліным пакоі час разагнаў буднія клопаты. Іх вострасць пасабляла згладжваць і тое, што Рыгор меў выпадак напаткаць у Смагіне Сроля. У выпадку зацяжнага безрабоцця — ён ведаў — Сроль нойдзе магчымасць выручыць яго. Праўда, Сролевы намёкі на небяспеку з боку паліцыі сулілі іншы паварот у справах. Але яго сённяшні настрой не паказваў на сур'ёзнае становішча. Ды застань яно Сроля знянацку — Рыгор патрапіць абмацаць цвёрдую глебу пад нагамі.
Прынамсі, ідучы да сябе, Рыгор не адчуваў жаднае трывогі за блізкае наступнае. Наадварот, навеяныя праведзеным днём думкі смела пераносіліся праз паліцэйскія перашкоды ў шумлівыя асяродкі рэвалюцыйнага руху. На фоне пазалочанага неба вырасталі памятныя вобразы рыжскіх падзей, праломленыя ў пецярбургскія інтэрпрэтацыі.
Пецярбург!..
Перад Рыгоравымі вачыма, як з-пад зямлі, вырасла здаравенная постаць паліцэйскага стражніка. Блішчастыя масянжовыя гузікі адбівалі праменне павісшага над лесам сонца. Змяіным узрокам пракалолі Рыгораў твар шэрыя стражніцкія вочы. Але мясістыя яго губы гультайна ляжалі адна на другой і дубовае аблічча выглядала летаргічна спакойна.
— Выбачайце!
Стражнік не паварушыўся, і Рыгораў дзюпарты башмак трапіў у заскарузлую ільдом калдабоіну.
I толькі тады, калі Рыгор стукнуў нагою па падсохлай дошцы, каб выліць з башмака ваду, стражнік паважна абярнуўся, прамерыў вачыма адгон ад сябе да Рыгора і спакойліва рушыў у бок, куды ішоў.
— Чучала! — паслаў яму Рыгор удагон, і ўмомант выпусціў з памяці паліцэйскага.
Але пры ўзыходзе на ганак карчмы яму дапомніла пра яго Ліба:
— Вы мелі прыемную стрэчу?..
— А менавіта?
— Хіба ж не напаткалі стражніка?
— Так, меў шчасце.
— Ён ад нас.
— Ласне?
— Меўся вас наведаць.
— Хто яго прасіў?..
— Напэўна ёсць інтарэс.
— Да ўжо ж...
— Бацькі перапужаліся; вы суцешце іх, калі пытацьмуць... Вы будзеце абедаць?
— Каліласка.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119