Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

Ліба тузнула яго за рукаў і шапнула на вуха перасцярогу. Рыгор пачуў стук крокаў, якія раптам ачуліся ззаду і хутка набліжаліся да іх.
— Дзе ж та Павал дзеўся? — запытала Ліба, забыўшы, пэўна, што сама супыніла Рыгора.
— Можа, ён пойдзе адзін?..— адказаў Рыгор зусім не зазлаваўшы за гэта на Лібу.
Іх нагнала двое мужчын. У цемні ночы нельга было разгледзець, хто яны; ды ні Рыгор, ні Ліба не стараліся на іх углядацца.
Мужчыны абышлі іх і мо праз хату далей пачалі прарваную гутарку.
— А вось глядзі, мо, то і ёсць Павал з кім-кольвечы другім? — загадліва запытаў Рыгор.
— Мне паказалася, нібы Сролева хада,— з свайго боку ўсумнілася Ліба.
Іх сумненне паглыбілася, калі яны ўскорылі хаду і ўгледзелі, што мужчыны непадалёк ад могілак з правага боку вуліцы перайшлі на левы.
Яны падышлі да курганца на рагу агароджы і прыгледзеліся наперадзе сябе.
— Няма нікога?! — няўверана праказала Ліба. Рыгор не паспеў адказаць, як збоку іх, пры паркане,
пачуўся ціхі сігнальны кашаль.
— Во дзе! — адазваўся Рыгор.
Зрабіўшы некалькі крокаў наперад, яны прыкмецілі балагольскую будку і некалькі людскіх фігур. Хтосьці па іх адрасу выказаў:
— Нарэшце — прыйшлі.
Сышоўшыся, усе разам адышліся за прыпарканныя кусты гладзінніку і пасталі для развітання.
— Чаму так доўга? — папікнуў Памыйка.
— Выбачайце,— перапрасіла Ліба: — мы не спяшаліся, бо думалі, што ні Сроля, ні вас яшчэ не будзе.
— Вось бачыце... як вы бяспечна...
— Ну, кінь, кінь,— пераняў Рыгор.
— Наперадзе нас ішло пара чалавек, і мы не маглі выдаваць сябе...
— Падумаеш,— не здавальняўся Памыйка: — ішлі і прайшлі...
— Годзе вам... Пара ехаць...
— Так... Давайце развітвацца...
Сроль першым падышоў да Рыгора і расцалаваўся з ім.
Тое зрабіў і Рундук.
— Будзеш ехаць — не мінай,— праказаў Сроль да Рыгора.
— Напэўна хутка... Пішы, брат... I толькі не думай, што я без цябе не хачу заставацца ў Смагіне... Умовы так складаюцца...
— Кінь... Галас заменіць...
Сролеў голас зліўся з асцярожлівым воклічам балагола.
Хутка праважатыя пачулі глухі стук калёс, пацягнуўшыся ўглыб цёмнай ночы.
Майскія здарэнні выклікалі зацяжныя трухі па ўсім Смагіне. Каля дзесятка рабочых-падмайстраў і сялян адведала халоднае. Допыты кожнага арыштаванага справодзіліся пагрозамі высылкі і астрога. Станавы пакладаў многа старанняў, каб вымусіць у кожнага арыштаванага прызнання ў яго належнасці да сацыял-дэмакратычнай арганізацыі. У існаванні яе станавы не сумняваўся, але яўных доказаў не знаходзіў. На допыце ён выпытваў іх адносіны да Сроля і да Памыйкі. У Сроля на кватэры быў зроблены старэнны трух і апытана сям'я гаспадара кватэры. Але ні да Рыгора, ні да Памыйкі паліцыя не трапіла. Гэта здзіўляла іх абодвух. Рыгор рабіў усялякія дагадкі: ён разлічваў, што гэтаму пасобіла яго адсутнасць на вуліцах у дзень дэманстрацыі альбо тут адыграў некаторую ролю Шульц. Аднак гэту акалічнасць Карл Людвігавіч тлумачыў выключна «ліберальнасцю» прыстава, «які трухі і прыводы ў халодную зрабіў для блізіру, абы не скампраметаваць сябе перад павятовым начальствам». Праўда, тлумачэнняў Шульца зусім нельга было апраўдаць шэрагам іншых рэпрэсій з боку «ліберала» станавога. Распараджэннем апошняга была зачынена грамадская бібліятэка з канфіскацыяй кніг. Былі забаронены чарговыя спектаклі і ўведзена нешта накшталт ваеннага становішча, з раз'язнымі начнымі патрулямі, якое цягнулася болей двух тыдняў. Не казаў у карысць станавога і праведзены перапіс рабочых.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119