Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

— Пажар... Ды пры ветры!.. Цяпер можна смела гатавацца ў паход. Аўстрыйскі ультыматум — гэта ўжо вайна... Ды ў нас мабілізацыя на хаду. Настрой ясны...
— Настрой за вайну, кажаце? — перапытаў Рыгор, мэрам бы не зразумеўшы суседавых слоў. Той здзіўлена паглядзеў на Рыгора.
— Я не бяруся вам характарызаваць грамадскага настрою. Я разумею настрой урадавых колаў. Грамадскасць пасля выявіць свой твар. Пакуль яна абурана хадою падзей і перажывае першае здзіўленне... Ужо ў Пецярбурзе відно будзе, у якім аспекце выглядаюць апошнія навіны.
Узвышаны настрой змяніўся трапяткім уздымам, калі з-за пулкаўскіх гор вынырнулі жалезныя рыштаванні Пуцілаўскае верфі. Цёмным пераплётам крыжавалі яны паветра на фоне каламутна-белаватага неба. Рыгор не мог устаяць на адным месцы і рупліва пераходзіў з боку на бок вагона.
У правым акне лесам фабрычных комінаў зірнула на яго Маскоўская застава. Далей за ёю, на многа вёрстаў цягнуўся фабрычна-завадскі раён Неўскае заставы, сёлы: архангела Міхаіла, Абухава, Колпіна.
Над роўнымі абшарамі балоцістых паплавоў насіліся хмары чорна-палавога дыму. У яго густой муці скрадаліся рысы высокіх, пабітых на вокны, стромых будынкаў гуллівага горада.
Да Рыгора падстаў адзін з суседаў, пачаўшы апавядаць пра назвы заводаў і мясцовасцей, пра колькасць рабочых на буйнейшых прадпрыемствах, пра нядаўнія забастоўкі. Рыгор прагна ўбіраў у сябе гэтыя першыя веды пра вялікі горад, дагэтуль завабны і марлівы, а зараз вачавідкі і жывы. Плойма разнастайных пытанняў вырастала ў яго нутры, напірала на язык і прасілася да выказу. Але не час быў гэтым займацца. Пара ўжо было пытаць пра маршрут у Лясное, на Петрусёў адрас.
Ён паспяшыў выкарыстаць суседа.
— Вам лепей усяго садзіцца на дзевятку і проста да Фінляндскага вакзала, а там...
Сусед, напэўна, запамятаваў далейшы парадак праезду ў Лясное і абярнуўся да свайго таварыша.
— Чаму на дзевятку?.. Лепей усяго васьмёркаю,— памог той.
— Толькі восьмым нумарам. Даедзеце да клінікі Вілліе, а там на паравік і ў Лясное,— праказаў селянін-эстонец.
Яго падтрымала да пяці іншых пасажыраў, якія ўжо стаялі згруджанай масай у праходзе вагона.
Між тым цягнік спыняўся на вакзале.
На пероне яго чакала мноства публікі, якая напружана лавіла ўзрокамі пакідаўшых вагоны пасажыраў. Чуўся гулкі, рэзвы гоман і насіліся выгукі імяў і прозвішчаў.
Рыгор пазіраў праз вокны вагона на публіку і завідаваў цёмным спатканням знаёмымі знаёмых. Яму міжвольна чакалася, што авось якая прымха навядзе на яго Петруся ці Ганну. I тут ён якраз наткнуўся на сваю непрадбачанасць і паіранізаваў над сабою. «Або я дагадаўся хоць аднаму з іх паведаміць?»
3 гэткай развагай Рыгор апынуўся ў густой тлуматні публікі. Ён не агледзеўея, як людская хваля падхапіла яго і панесла з сабою да ўваходу ў вакзал.
Вузкія дзверы не ўмяшчалі натоўпу. Яго добра паціскалі, пакуль ён прайшоў дзверы. Ды ў вакзале не было вальней.
Сотні разнастайных, мэрам дзе бачаных і знаёмых, твараў ухмыляліся яго пытальным вачам. Рыгораў знадворны выгляд дапамагаў яшчэ больш звяртаць на яго ўвагу. Не патураючы на гэта, ён не кідаў надзеі стрэць хоць адну знаёмую душу...
Няўжо такі сярод вялікага натоўпу на вакзале не знойдзецца каго-кольвечы, хто б дзе калі яго спатыкаў?
Незаўважна для сябе Рыгор апынуўся пры буфеце. Навакола за столікамі сядзелі пасажыры і госці, хто за гарбатаю, хто за півам, хто за снеданнем.
Прысеў і ён і заказаў шклянку гарбаты ды пару сырных бутэрбродаў.
I, можа, з паўгадзіны аддаў на сваё скромнае снеданне.
За гэты час вакзал паступова апусцеў. Заціхлі гоман і тупатня.
Мала прыкметны раней, ён зараз адцягаў на сябе беглыя ўзрокі мігаючых тэлеграфістаў і паважна тупаючага жандара.
Гэта не замяняла чаканых знаёмых. Роўная, як струна, здаравенная постаць жандара, яго колкія кноразавыя вочы, мэрам выдаўленыя наповерх чырвонага круглага твару,— уплывалі непрыемным уражаннем і не манілі далей сядзець пры стале.
Адчуўшы казытны ўкол адзіноцтва, Рыгор выйшаў з вакзала.
Направа, праз гарбаценькі мосцік, заварачваў трамвай, на якім чорная літара распірала бакавыя бляда-жоўтыя трыкутнікі. Як вочы сляпога, сумна глядзелі на яго шкелкамі пара патухлых ліхтароў і стройная пукатая, як сваха, лічба 8.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119