Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

Гэтыя яго перыпетыі пачаліся з блукання па вуліцах Пецярбурга ў час прыезду і прайшлі праз месячнае шуканне працы, галадоўлю і начоўку па начлежках, праз работу за каталя і за падносчыка пры будоўлях. Яны выказаліся яшчэ ў продажы апошняе жакеткі на таўкучцы і ў жабрацтве на вуліцах. Кончыліся ж нечакана для Петруся вельмі ўдачліва. Выпадковае знаёмства ў клубе на лекцыі з адным рабочым-земляком выручыла яго з бяды і дало месца на металічным заводзе. Пятрусь каля трох месяцаў папрацаваў падручным, агойтаў, абазнаўся з варштатам і станкамі, зблізіўся з майстрам і на чацвёрты месяц атрымаў самастойную працу. Нахіл да слясарнае работы пасобіў яму хутка аўладаць складанымі працэсамі працы — і гэта пацягнула за сабою матэрыяльную забяспеку.
Многа пасобіла Петрусю і яго рэвалюцыйная свядомасць. Натура ж дружакі і пабраціма адчыніла перад ім шырокую дарогу да знаёмства і хеўры з рабочымі завода. Гэтым тлумачыцца хуткае ўцягненне Петруся ў шэрагі арганізаваных рабочых. Нават у апошнія часы перад Рыгоравым прыездам Пятрусь правёў некалькі адказных заданняў, часткаю па даручэнню таварышаў, часткаю па сваёй ініцыятыве. Абставіны працы на заводзе, колы знаёмых і поспехі ў аўладанні рамяслом уплывалі на Петруся як найлепш. Ён адчуваў сябе бадзёрым, рашучым, жыццёрадым; у ім кіпела хэнць да грамадскае чыннасці і няўхільна расла прага да свядомасці. Апошняе падказала таварышам абраць Петруся сябрам управы культурна-асветнага таварыства аднаго з пецярбургскіх раёнаў. Гэтай працы Пятрусь аддаў многа ўвагі і старанняў. Кожны дзень, пасля работы, наведваў ён таварыства, пасабляючы арганізацыі і ўкамплектаванню бібліятэкі, апрацоўцы праграмы чыннасці, адшуканню лектароў.
Заахвоціўся Пятрусь і тэатрамі. Не было таго тыдня, каб ён не пабыў ці на драме Гайдэбурава, ці на оперы ў Народным доме, або ў Музыкальнай драме.
Пятрусь сам сабе дзівіўся, адкуль у яго стаўся гэткі круты, гэткі раптоўны пералом. Дапамінаў пра гэта ў сваіх лістах і не абмінаў у гутарках. Яго неўгамонна лрагнула паказацца Рыгору — прадставіцца яму ў першавобразным выглядзе. Сустрэцца хутчэй з Рыгорам і пагутарыць з ім — ці ж бы гэта дапамінала сілцоўскую стрэчу? Ніколі! Не выходзіла з памяці Петруся, калі ён, угледзеўшы Рыгора, толькі слухаў яго, не ведаючы, як падысці да чапаных Рыгорам пытанняў. Гарадское жыццё, умовы партыйнае працы ў горадзе, магчымасць стыкнуцца з разнастайнымі пытаннямі і атрымаць на іх адказ — гэтага не хапала для Петруся ў Сілцах. I ён разумеў Рыгора, калі той заўжды падгаварваў іх усіх і асабліва Сёмку — кінуць мястэчка ды паехаць у горад. Пятрусь па-таварыску ўпікаў Рыгора, чаму той не напіраў з гэтым на яго, а выключна на Сёмку. Не верыў у Петрусёву рашучасць? Налэўна. Бо Сёмка, як зараз стала Петрусю зразумелым, меў больш даных на гэта: мацней захапляўся ўдзелам у сацыялістычным руху, быў болей за яго начытаным. Рыгор усё гэта ўзважваў. Як жа іначай? А цяпер? Пятрусь атрымліваў лісты ад Сёмкі, чытаў іх і недаўмяваў: якім, аднак, адсталым ён зрабіўся! Зацягнула жыццёвая дрыгва... I радаваўся, што лёс самога не ўвагнаў на гэта. Цэлы шэраг пытанняў, высунутых апошнімі месяцамі Петрусёвага гарадскога жыцця, патрабаваў абгавору... Ды абгавору з гэткім чалавекам, як Рыгор.
3 гэтых разважанняў і ў дадатак з пачуцця шчырае таварыскасці да Рыгора Пятрусь увесь час думаў пра яго, пра іхнюю блізкую стрэчу. Словы Рыгоравай мацеры, выказаныя на праводзінах, Пятрусь выразна помніў: «Можа, стрэнешся з Рыгорам, дык скажы яму, сынок...» Рыгор тады быў у Рызе і ці меў думку наведацца ў Пецярбург — цяжка было сказаць. Але Пятрусь не траціў веры, што з Рыгорам спаткаецца — абыдзе: у Пецярбурзе ці ў Рызе. Жыццё намагала на пер-піае: склалася гэтак спрыяюча, што не выпісаць Рыгора ў Пецярбург — было б ніякавата і не па-таварыску нават.
I толькі Пятрусь замацаваўся на заводзе, развеў знаёмства з шырокім колам рабочых, як упарта стаў шукаць Рыгору месца. Шукаючы, рэкамендаваў таварыша, як добрага майстра і як сур'ёзнага дасканалага рэвалюцыянера. Таварышы пасобілі Петрусю ў гэтым і хутка знайшлося не адно, а некалькі месцаў. Але Пятрусь разгубіў іх, бо ўсё не мог знайсці Рыгора. Ліст ад Гэлі, а пасля і бацькавы лісгы, паведаміўшыя пра Рыгора, супалі з тым, калі з усіх магчымасцей уладзіць Рыгора на работу мелася толькі адна, дый то не асабліва ўдачлівая. Тым не меней Пятрусь у першым жа лісце да таварыша запрасіў яго ў Пецярбург. I, паслаўшы ліст, Пятрусь дрыжаў ад нясцерпу прычакаць Рыгора і баяўся, каб той не зацягнуў ад'езду. Як і што павінен быў уладзіць гэта Рыгор, Петруся не цікавіла — ці ж Рыгора павінна хоць штокольвечы спыніць? Каб іншага, а Рыгора — ніколі.
Аднак Рыгорава маруднасць прымушала Петруся задумлівацца. Не быў ён цалкам упэўнены і ў тым, што Рыгора неадкладна зрушыць і тэлеграма. Пятрусь меў намер праз пяць дзён біць паўторную. Нягледзячы на гэта, ён некалькі разоў ездзіў на вакзал «на кожны выпадак». Але ў дзень прыезду Рыгора Пятрусь выпадкова не зрабіў гэтага. Нешта карцела, вымушала праехацца, а настойнасць таварышаў, што з'явіліся да яго зранку, перашкодзіла гэтаму. Пятрусь не мог адмовіцца прапусціць міжзаводскую нараду, якая была прызначана ў Азярках. Нарада адняла шмат часу і, калі скончылася, было ўжо позна ехаць на вакзал. Пятрусь, не спяшаючы, вярнуўся з Азяркоў а трэцяй гадзіне дня. Магчыма, астаўся б там намнога пазней, каб знаёмая яму дзяўчына не ўгаварыла ехаць разам.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119