Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

— Якім чынам? — запытаў яе.
Але яго пытанне мігам расплылося ў гучным «ура» грамады, паваліўшай вагон трамвая. Толькі хвілін праз пяць, калі грамада заціхла, Ганна ўзяла Рыгора пад руку і праказала:
— Не пазнаеш?
— Цябе?
— Ганны.
Грамада закалыхалася, веерам разбягаючыся ўбакі — зноў несліся казакі. Рыгор з Ганнаю кінуліся ў бліжэйшы двор.
— Якім чынам ты тут? — паўтарыў Рыгор першае пытанне, калі яны спыніліся ля жалезнае брамы.
— Не чакаў?
— У гэтых умовах — не думаў... Прымха...
— Я чула нутром, што ты ў асяродку забастовачных падзей...
— Ты... чула... нутром?..
Гутарка не вязалася як след — уплыў вакольных абставін адцягаў Рыгораву ўвагу ад інтымнага пачуцця спаткання. Яму не стаялася пад скляпеннем аркі, а прагло на вуліцу. Але прысутнасць Ганны перашкодзіла. Невыразна, а яе істота давала сябе адчуваць... I Рыгор, радуючыся, злаваўся ды непакоіўся; мэрам бы знаходка не поўнасцю кампенсіравала згубу...
— Я табе перашкоджу? — нерашуча выказала Ганна.
— Ды не, што ты, Ганна! Я ашаломлены стыкам падзей сённяшняга дня! Прымха... Але ў гэткую хвіліну — на табе!
— Тое і ў мяне. Я ніяк не чакала, што трапіцца гэтак, як трапілася...
— Няўжо?.. Ну, ехала ж некуды?
— Да цябе ехала... бач, да Петруся...
Яны выйшлі з-пад двара і тут жа ачуліся ў асяродку маніфеставаўшай грамадкі рабочых, выйшаўшай з-за рога вуліцы. Ахопленыя рэвалюцыйным уздымам, абое сталі ў першыя шэрагі маніфестуючых.
Хутка водгукі марсельезы пачалі пераносіцца праз шырокую Няву да буржуазных кварталаў цэнтра. Яны ўрываліся ў царскія палацы, у будынкі ўрадавых устаноў, у залы банкаў ды кантор, у рэдакцыі буржуазных газет. На старонках газет чарней і буйней выпукляліся літары паведамленняў пра «хаду забастоўкі», аб «працягу непарадкаў».
Думкі і пачуццё мільённага жыхарства ўстраміліся ў бок затухлых халодных комінаў на рабочых аколіцах сталіцы. Хатнія падзеі ненарокам затрывожылі падвостранага міжнародным становішчам абываталя. Куды ўсё гэта накіруецца і да чаго прывядзе? Гэтыя пытанні неадвязна мітусіліся ў думках соцень тысяч пецярбуржцаў. Яны вырасталі да жахлівых зданняў, калі слупкі газет дзень на дзень падносілі ўсё большую лічбу забастоўшчыкаў. За іх гушчаю прападалі ўражанні ад падзей, якія набліжалі сабою сусветную вайну. Ультыматум аўстрыяцкага ўрада бліснуў на пецярбургскім небасхіле і знік у полымі забастовачных лдарэнняў. Гэтыя здарэнні вачавідкі прымалі ўсё вастрэйшую форму і глыбейшы сэнс. Ад маніфестацый і сутычак з казацкімі патрулямі яны абярнуліся ў спыненне трамвайнага і чыгуначнага руху, у бамбардзіраванне фабрык і будаванне барыкад. Часова аб Пуанкарэ ўсе забыліся: дзе і што ён — было аднакава. Няхай дапівае апошні кубак за ўзмацненне дружбы буржуазнай Францыі з самадзяржаўнай Расіяй. У баку ад гэтага куецца іншым чынам, іншая дружба — дружба між працоўнымі народамі  абедзвгох  краін...
Рыгор дзень у дзень, на працягу тыдня, не пакідаў вуліцы. Усюды, дзе толькі трапунак прыводзіў да складаных выпадкаў у зацяжнай забастоўцы, ён знаходзіўся сярод першых. Спынка трамвая, падпілоўка тэлеграфных слупоў і перарэзка тэлеграфнага дроту — не абыходзіліся без Рыгора.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119