Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

— Бадай што.
Яны прайшлі Садовую і ачуліся на Неўскім. Праспект зірнуў на іх усёю ўласціваю яму вялікасцю. Па іх прабегла электрычная іскра ўрачыстай настарожанасці. Думкі вырваліся з галавы і завіхрылі ў скрутным, зацягаючым руху паводкі людзей, трамваяў, аўтамабіляў, рамізнікаў. Гул і шолам абвіслі над імі
пластом разнастайных гукаў, трэску, звону, бразгу. Адчувалася віравое кіпенне жыцця, адкуль цяклі яго жэралы ва ўсе куткі вялікага горада.
Хутка людская хваля хлынула на іх і пагнала на сабе ў бок Анічкава моста, на пекныя фігуры якога глядзелі з рагавога дома завучыя словы: «Вегетарыянская сталоўка».
Была чацвёртая гадзіна па паўдні, калі Рыгор з Петрусём, правёўшы Ганну на службу, селі ў трамвай, каб вяртацца дамоў. Неўскі абодвух авеяў настроем прадваеннае трывогі. У распаленым паветры маляваліся жывыя абрысы яе блізкага, неадмоўнага прыходу. Водгукі забастоўкі, якая дагарала, раставалі ў хмурых разорах вуліц, што вялі да фабрычных раёнаў. Нядаўні настрой выразнае жахлівасці, які ачула ціснуў на Неўскі натоўп, змяняўся ў ім заўсёдашняй ганарліва-задзёрыстай нядбайнасцю. Вось яна ўплыла ў вагон трамвая, выклікаючы ў Рыгора з Петрусём агіднае самапачуццё.
Хутчэй на той бок рэчак, у суворыя абставіны
свайго, рабочага раёна!..
I толькі трамвай крануў з месца, як да іх вушшу данёсся зычны, выразны крык газетчыка: «Забойства Жана Жарэса ў Парыжы! Каму «Вечернне Бнржевые»?»
Рыгор уздрыгануўся і спалохана паглядзеў на пляцоўку. Там стаяў нелапы хлапчук, прадаючы свежыя газеты пасажырам. Да яго працягалася з дзесятак рук і чулася наперабой: «Мне газетку», «Дайце «Біржоўку», «Сюды дайце».
— Чуеш, Пятрусь, Жарэса забілі? Пятрусь пазваў газетчыка.
— Вось табе, браток, дык навіна! — заўважыў ён, застыўшы ўзрокам на буйных радках жудаснага паведамлення з Парыжа.
— Буржуазія здымае перашкоды на шляху да свае праступнае чыннасці.
Трамвай імчаўся Марсавым полем...
Рыгор прачнуўся і прыслухаўся: у пакой урывалася зычнае гудзенне фабрычных сірэн. «Зноў пачынаюцца будні»,— праказаў ён сабе, і тут жа перад ім мігнула яскраваю істужкай нізка апошніх падзей. Мястэчка Смагін, яго ўцёкі ноччу, дарога ў Пецярбург, вобраз горада, спатканне з Петрусём, з Ганнаю, забастоўка, Сампсоніеўскі праспект, Ломанскі завулак, бойка з лаліцыяй і салдатамі, братанне з французскімі матросамі і... учарашняя сходка ўпаўнаважаных ад цэхаў з выразным і канчатковым рашэннем — заўтра аднавіць работу. Цэлая багатая гісторыя на зусім кароткім адрэзку часу. Свет на момант завіхрыўся, сягнуў да неба і тут жа знізіўся, апаў. Наперадзе — цёмная невыразнасць, крывавае бяздонне ўсякіх магчымасцей. Як яны пройдуць між Рыгоравага жыцця, чым адаб'юцца на яго лёсе, куды павернуць яго жыццёвы шлях? Калі б азірнуцца назад, то не ўявіць поўнасцю яго крутых, хілкіх завілін, не ўясніць рашучасці смелых пераходаў. Няўжо тое і ў будучыні? У кожным разе яно, гэта будучае, страчае ў ім загартаваную вытрывалую адзінку, перад якою разляціцца не адна перашкода.
Рыгор сышоў з ложка і паглядзеў у акно. Палавое неба зацягалася дымам фабрычных комінаў. Разам з паветрам западалі ў нас крупінкі сажы. Работа пачыналася. Адпачнуўшыя махавікі разганялі бег трансмісій, трансмісіі нацягалі рамні, і прытупленыя разцы пазіралі на апыленыя балванкі сталі... Вось-вось увап'юцца яны ў сталь і пачнуць выразаць завілыя бліскучыя стружкі. Разгорнецца шырокае наладжанае гатаванне снарадаў на патрэбу вайны. Цэлымі стосамі выкідацьмуць іх варштаты, перасылаючы ў прыгатаваныя скрыні для адпраўкі на фронт. У кожным снарадзе — смерць некалькі чалавек, разбурэнне, пажары. А між тым іх гатавацьмуць яны, рабочыя, якія ўчора яшчэ, заўчора падавалі свой магутны пратэст супроць пануючага ладу, супроць вайны і забойства. А сёння, а заўтра?.. Якая заблытанасць у жыццёвых з'явах! Які сплёт вострых супярэчнасцей!


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119