Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

Рыгор уважліва слухаў, прапусціўшы між вушэй успомненае Артурам імя Камара.
— Круціць, браце, жыццё нас, як вецер саломіну! — праказаў ён.
— I яшчэ як круціць!..
— Але, вось, мне здаецца, што не сумее зламаць! Ха-ха-ха! Не дамося-а!
Рыгор, а за ім Артур, як па згаворы, падняліся з месц, каб праверыць свае сілы, ці сапраўды іх хопіць не падацца жыццёвай нязгодзе.
У гэты момант стукнулі дзверы, і ў пакой увайшла Ганна. Не патураючы ні на вошта, загутарыла:
— Сустрэла, выпадкова, Міхася Камара... Прасіла зайсці... Але ён спяшыў кудысьці... і ніяк не мог уварваць каліва часу... Вельмі прасіў днямі яго наведаць...
Ганна паведамляла гэта з лерабоямі, засопшыся, уладваючыся з небагатым сервізам, які складаўся з дзвюх талерак, аднаго нажа і відэлак. Яна спяшалася, і гэта паднімала нервовасць — у скутку якой пару разоў выпаў з рук нож і чуць не павярнуўся стол...
Рыгор настаражыўся, пачуўшы імя Міхася Камара, але затрымаўся распытваць, пакуль Ганна не ўраўнаважыцца...
— Вось... цесната, бачыце... даруйце-э, чым хата багата...
Яна паглядзела на мужчын.
— А зараз і самавар... Не болей дзесяці хвілін, перапрашаю...
Ганна памкнулася ў дзверы — Рыгор пераняў:
— Міхась Камар, кажаш? Як жа ён, адкуль і што?
— Хіба ж табе Артур не казаў?
Ганна мігнула ў дзверы, падаўшы пра сябе знаць стукам самаварнае трубы ў калідоры.
— Я ж табе казаў, Рыгор, што маю жонку Міхась у экспедыцыю ўладзіў!
— Міхась Камар? А яго адрас?
— Я запытаю ў маёй жонкі — тая ведае... Кожны раз можам зайсці да яго... Ды Ганна, напэўна, знае...
— Я мушу быць у Камара... Ганна?
Тая шмыгала то ў пакой, то з пакоя... I клапацілася пра гасцей.
— Як на ліха — жаднае цягі...— ні то казала яна сабе, ні то скардзілася гасцям.
— Вы бы кінулі, Ганна, з самаварам,— праказаў Артур.— Мы зараз пойдзем і дзеколечы па дарозе перакусім...
— Па дарозе... а Рыгор, магчыма, і не абедаў, праўда?
— Ты ўгадала,— пасмяяўся Рыгор,— з завода і да цябе — глядзі, во...
— Вось бачыце...
Ганна яшчэ парсцей завіхнулася каля гарбаты. Цяпер яна пакінула гасцей і ўжо з'явілася ў пакой з гарачым самаварам.
— Сядайце-э, прашу вас! — пазвала Ганна Рыгора і Артура.— Выпіце па шклянцы гарбаты...
П'ючы гарбату, іх гутарка цярпела ад нязвязнасці, часта пераходзіла з тэмы на тэму. I гадзін за дзве часу яны стала вырашылі толькі адно пытанне — гэта пра тое, калі пабываць у Міхася Камара.
Падвешаны на сцяне гадзіннік выбіў дванаццаць.
Артур падняўся з месца.
— Няўжо поўнач? Даруйце, я пабягу...
— Жонцы абяцаў? — пасмяяўся Рыгор.
— Позна, позна, браце...
Ён па чарзе развітаўся перш з Рыгорам, пасля з Ганнаю і накіраваў у дзверы.
— Чакаю... Думаю — не адкажаце мяне наведаць? Ганна? Рыгор?
— Абавязкова.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119