Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

— I, ведаеш, братка Сроль,— казаў ён далёй,— усё маё жыццё перавярнулася ўверх дном, А складалася яно, бачыш, так. Пазнаўся з цэлым шэрагам таварышаў... Меў пару знаёмых дзяўчат... Ха-ха-ха! Апошняе смешна? Нечакана, само сабою звівалася ў калаўрот здарэнне за здарэннем, яскравыя, блішчастыя, буйныя па размаху і глыбокія па сутнасці... I вось, прыехаў сюды без грошай. Чужы кут, а выпадзе так, што доўгі час не будзе працы, тады як?.. Каб я адзін, а то ж дзесьці гаруе па мне маці. Шмат часу не пісаў ёй — старая заплачацца. А мо — хто ведае — што здарылася там з ёю, адкуль пачуеш?.. Ты, часамі, Сроль, не перапісваўся з Сёмкам ці з іншым кім?..
Сроль адмоўна паматаў галавой.
— Выехаў, і кончана? Сілцоў як і не было?
— Вядома... А як жа інш... Напішаш — будзе след для паліцыі.
— I то праўда... Рыгор памаўчаў.
Яны падбліжаліся да пажарнае, што стаяла на адгоне некалькіх сажняў ад паўднёвага яруса крам.
— А я, ведаеш,— зноў пачаў Рыгор,— думаю як-кольвечы пабываць у Сілцах. Цягне адведаць...
— Гэта, па-мойму, небяспечна. Там, напэўна, на цябе зубы точаць,— перасцярог Сроль,— ці варта?
— Плёвая справа — няхай точаць; і наточаныя можна будзе выбіць... Ведаю...
— Расхрабрыўся, бачу! — засмяяўся Сроль.
— Якое там храбрасці трэба! Падумаеш!
Ён махнуў рукою, зрабіў два-тры крокі моўчкі і Дадаў:
— Гэта яшчэ ў праекце, вядома... Мала што можа стацца за гэты час!.. Пэўна, што цікавей бліжэйшае, тое, з чым вось заўтра мушу спаткацца...
— Пра вошта гэта ты?
— Ды хоць бы аб працы... Скажы, браток Сроль, ці можна як-кольвечы ўстраміцца ў гэтым Смагіне на работу? Хоць бы змалага, якіх рублёў дваццаць у месяц зарабіць, га? А там — як кажуць — бог бацька...
— Я думаю, што можна будзе. Казаў жа — няўжо забыў? — што тут ёсць некалькі майстэрань па тваёй прафесіі. Заўтра зранку запытаю таго-сяго, а вечарам — угледзімся... Ты дзе спыніўся?
— У Крамніка... або я ведаю, дзе лепш!
— Не, нічога і там. Усюды аднакава. Не спадабаецца — можна будзе перамяніць... Так... А вось, наконт грошай як? Кажы.
— Краплюся пакуль,— неахвотна адказаў Рыгор.
— Ды чаго саромецца?
— Пэўна, тым болей перад табою... Вось паснедаў на саракоўку, а то яшчэ і абед заказаў...
Ён паглядзеў на гадзіннік:
— Ужо да вячэры блізіцца... Ды пэўна ж, скажу, як прыпрэ...
— Не хопіць — Крамнік паверыць... людзі добрыя. Сроль знізіў голас і дадаў:
— I свае. Дачка ў арганізацыі... Бачыў мо?
— Так, яна падавала мне гарбату і прыбірала пакой... Прызнацца — цікавая дзяўчына... і таварыш...
Сроль адказаў на гэта ўкрадліваю ўхмылкаю:
— Кажаш, кінулася ў вочы, га?
— Заслугоўвае таго...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119