Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

Ганна змяніла міну — навіна не абяцала быць непрыемнай.
— Кажы пра яе...
— Во,— Рыгор дастаў з кішэні Гэліну пісульку.
— Зямлячка прынесла, Гэля,— ёсць такая... Неспадзявана — і таму загадліва.
— Чаму загадліва?
— Таму, што зусім нядаўна я спаткаўся з ёю ў Смагіне, а гэта ўжо яна тут... Але пабачым далей, а цяпер — пойдам у Народны.
— Так... Ну, ты ж ведаеш, што там за опера?
— Здаецца, ці нс «Тарас Вульба»? Ды аднакава... Важна...
Рыгор не дасказаў, у чым хавалася гэта «важна». Цяганіна з білетамі, за якімі яму прыйшлося стаць у чаргу, перабіла думкі.
Калі яны ачуліся ў фае, Рыгораў настрой вачавідкі падняўся і расхваляваў яго нутро. У тэатр сабралася процьма багатае, шыкознае публікі, якая не па моманце выглядала бяспечнай і самадавольнай. Элегантныя вайскоўцы выгіналіся перад расфуфыранымі панямі, заліваліся робленым смяшком. За сценамі будынка яны хаваліся ад усяго таго, што было страшнага і праступнага ў царскім маніфесце.
Раззіраючы навакол, Рыгор карцеў жаданнем выкінуць якую-колечы штуку, хоць блазенскую, недарэчную, але такую, якою можна было заставіць вось гэту плойму адваротных яму людзей замітусіцца, уз'юшыцца, пачуць, што ў іх пад нагамі — не цвёрда. Шэраг казачных камбінацый мігнуў у яго думках, завярцеўся ў шалёным лёце...
— Хадзем, хадзем, ужо трэці званок,— перабіла яго Ганна.
На іх хлынуў гулкі, порсткі натоўп гледачоў і панёс з сабою напрамкам да ўходу ў глядзельную залу.
Яны не паспелі знайсці месца, як агні пагаслі і ў глыбіню агромністага прастору будынка прагудзела:
— Марсельезу-у-у! Марсельезу-у-у!
Адзіны гук хутка зліўся с цэлаю гамаю настойных вымагальных крыкаў да аркестра, каб той прайграў марсельезу, як рэвалюцыйную песню. Крыкі верхняга яруса запоўніліся рэдкімі выгукамі ў розных канцах тэатра.
У адказ на іх — аркестр дэманстрацыйна зайграў «Божа, цара храні». Пранёсся беглы шорах па ўсёй зале, і партэр, амфітэатр ды першы ярус — падняліся як адзін. Выбухнула маніфестацыя за вайну, подых якое з прыходам у тэатр абдаў Рыгора гідотай.
Як стаяў, ён увесь закалаціўся ў пазыве абурэння і на ўсю сілу гукнуў: «Далоў вайну-у!» Яго выгук востра ўрэзаўся ў звонкі аркестр.
Ганна нервова тузнула Рыгора за крысо жакеткі і ўдала засланіла сабою з боку насупліва глянуўшага ў яго бок таўсцяка.
3 пярэдніх месц азірнуліся ў іх бок каля дзесятка чалавек; іх вочы гарэлі жывёльнаю злосцю.
Рыгор незаўважана, паўз сцэну, прайшоў да выйсця ў фае і да канца іграння гімна ачуўся на трэцім ярусе.
Ён ужо праходзіў да свайго месца, як на ўспыхнутае святло ў тэатры паняслося з чацвёртага яруса новае дружнае — «Марсельезу-у! Марсельезу-у!»


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119