Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

Здаравенны дзядзька мефістофельскі паглядзеў на Рыгора і зларадна адпавеў:
— А ты не маеш?
Яго нахабная рука накіравала да Рыгоравых грудзей, але папхнуты заднімі, здаравенны дзядзька капыльнуў галавою і строма апусціў руку данізу.
Праз хвіліну ён знік з Рыгоравага ваччу, расплыўшыся ў ценю захілу вуліцы.
На прымоўклы гоман аддаленай грамады імчалася хваля новых зыкаў і грукату звычайнага руху.
Адзін за другім, даўгім шэрагам прабегла да дзесяці трамвайных вагонаў, аплеценых цягучым боем званкоў.
Следам на мост уз'ехала першая падвода вярстовага ланцуга грузавікоў з мукою, жалезам, бочкамі.
Калі мост закалыхаўся ад грукату цяжкіх калёс, пераплеценага дзвенгам біцюговых падкоў,— над Малою Нявою ўзнёсся прарэзлівы спеў некалькіх фабрычных сірэн.
Уадоўж цёмнае, азоранае агнямі вады, паўз злітыя са змрокам парканы фабрык і заводаў, туды, дзе канчаюцца стромкія дзеравяныя будынкі аколіц — бегла шпаркая струмень перапоўненых зыкаў.
Над дрэвамі выспаў, у згушчанай цемры неасветленых мясцін, яны драбіліся на часткі, як феерверкі, і рассыпаліся ва ўсе канцы пераліўнаю мелодыяй.
Гэта дапамінала баявую пераклічку ці позву на рэвалюцыйную трывогу.
Або паказвала распаданне на звяны жалезных ланцугоў, што скоўвалі людскую свабоду.
Або сімвалізавала перабой малатоў у вызваленых руках творчага калектыву.
Цэлы пук узнёсных сімвалаў атуліў Рыгораву істоту, як празрыстым ззяннем сонца.
I ён урачыста, як волат, перад якім ляжалі трафеі яго перамогі, глядзеў у чорны струмень выходзіўшых з прадпрыемстваў рабочых.
У іх рэзвым гомане, у цвёрдай ды ўверанай хадзе наглядалася сіла, і воля, і лёс блізкага наступнага.
Захоплены радаснымі думкамі, Рыгор крануў з месца і пайшоў настрэчу гаманлівай грамадзе — сёння нявольнікаў капіталу, а заўтра — гаспадароў жыцця.
Расія жыла над знакам вайны. 3 усіх канцоў краіны накіроўваліся да яе заходняй граніцы сотні ошалонаў салдат, аружжа, адзення, ежы. Мільёны здаровых працаздольных рабочых і сялян адрываліся ад плённае, карыснае працы. Незлічоны лік гадзінных адзінак часу кідалася ў бяздонную процьму, на марнатраўства, на згубу жывых людзей. Па асірацелых сёлах затупала апусценне, заняпад. На свежых пожнях глыбей у зямлю палезлі карэнні былля, дзікатраўя. Загойсала здань недастач, разладдзя ў хатах. Настаражыліся сірочыя сэрцы ў чаканні вестак з франтоў чынных армій. Зацяжна, кружнымі шляхамі паўзлі яны, акрываўленыя, авеяныя смерціо, у белых канвертах, з няроўна выведзенымі літарамі да закінутых вёсак, у сумныя хаты. Цёплыя прывітанні бацькам, жонкам і дзецям з далёкіх мясцін стылі ў непрагляднай жудзе, енках і жалю. Невыразныя сэнсам рэчы, як назвы вайсковых часцей, наружных умацаванняў, камандных чыноў павісалі ў затуманеных слязьмі вачах. Гэтыя вочы выразна бачылі сляды, па якіх выходзілі з двара апалчэнцы ды ратнікі, а за імі коні, гавяда, збожжа. Попыт на гэту сялянскую вытворчасць падобіўся нейкай ліхаманцы, ліхому паветру. Казачная, зданнёвая вужака-вайна высмоктвала сокі вёскі, абязмоцваючы яе і спустошваючы. Засмучаны небасхіл хаваў сабою і блізкае наступнае і далёкае будучае.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119