Крыжавыя дарогi, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119

Рыгор абудзіўся. Расплюшчыў вочы і паглядзеў: маленькая каморка, брудная і непрыветная ўчора вечарам, зараз смяялася ветлівай гасціннасцю. Сцены, аблезлая люстра, паламаны стол і крывы тапчан — мыліся бліскучым сонцам, плаўкім і празрыстым. Маленькае акенца — у шэсць няроўных шыбак — зіхацела, адбіваючыся рамамі на сцяне...
А ў двары, за сцяною, моцна і рэзва гаманілі. Некалькі галасоў, грубейшых і танчэйшых, гулчэйшых і цішэйшых.
Раптам заіржаў конь і людскі гоман.
Што б там гэткае?
Рыгор прыпадняўся: не хацелася ўставаць — нядзеля — і паглядзеў. Наўскасяк акно, таму ў яго ваччу мігнулася колькі асоб, трасянуўшы поламі сівых світак. Зразумела — былі сяляне. Кірмаш, местачковы, звычайны. Заехалі сяляне ў карчму, абступілі перакупшчыкі.
Учора ехаў і злічаў — акурат, Вузкая, крывая вуліца. Пры хатах — садкі.
У хатах вячоркі: дзяўчаты, хлопцы. Прайшлі вуліцаю мужчыны ды з песняю:
— Ой, у лузе, лузе... А за акном гучней:
— Х-га-а-га-га-аІ Гм-гы-ы! Няўжо гэткі ўпарты торг?.. Зноў гоман, падобны гулу... «Пагляджу!»
Рыгор раптам саскочыў з ложка, у бялізне, тут жа абліты променем сонца — ачуўся каля акна. Але мігам адскочыў, засаромеўшыся. Захаваў постаць, а высунуў голаў і ўгледзеў:
Натоўп сялян.
Яны стаялі каля воза і сумяціліся, тупалі, гукалі. Усе — адвярнуўшыся к возу, на якім выдзялялася белая лугавіна. Рыгор прыгледзеўся, і калі адзін з сялян адышоў, зрабіўшы прагалак, угледзеў: на возе ляжала кабета; пад галавою — пульхная белая падушка на зялёным сене. Сагнуўшыся, кабета пільна глядзела перад сабою і балюча ойкала. Прытрымоўвала рукою грудзі, нібы зашпільваючы адзежыну.
— Вось, пане доктар. Не давязлі, бачыце. Паражаніца на возе!
То казаў белабрысы, худаваты, з рэдкаю бародкаю і тонкімі простымі вусікамі, вастраносы селянін. Ён быў заклапочаны і не адыходзіў ад доктара.
— Паруля, табе нядобра? — пытаў ён кабету. «Радзіны».
Раніцою, пекным сонечным днём — па дарозе ў бальніцу.
Рыгор пусціў тварам вясёлую ўхмылку. Адышоў ад акна і стаў адзявацца. «Як хораша нарадзіўся чалавек! Хораша тым, што ўжо занадта проста і смела... На хаду, так сказаць, у руху... Цікава!.. Помню, як Лявонаў Юзік... маці жала авёс, а ён пад свіст сярпа... Тут жа — на дарозе... Цікавае нараджэнне! А якаво ж будзе яго жыццё? Якімі выхілясамі пойдзе далей яго дарога, што пачалася ў гразкім карчомным двары?..»
Абарваліся Рыгоравы думкі — сяляне выязджалі з двара. Адной абутай нагою, а другой босай — вярнуўся ён да акна і праз сонца, гарачае ды зыркае, паглядзеў на сівыя спіны: сяляне з доктарам ішлі за возам, гаманілі мяккім, як свежая трава, гоманам.
Рыгор шчыра схіліў голаў — гэтак даюць пашану вялікай заслужанай асобе — і даадзеўся.
Мыючыся, вярнуўся да перарваных думак: «Не хочацца раўняць да сябе, не... Толькі само напрашаецца, прэ... Амаль не год астрога — падумаць!.. Ці разлічвала маці, нарадзіўшы мяне, што прайду гэткую дарогу! Сілцы — Мінск — сотні разоў; Рыга — Сілцы, Сілцы — Рыга і астрог. А радзіўся, ці не свяціла, як і тут вось, сонца? Цуда? Чалавек — дробнае стварэнне, здаецца, а падумаць ды разабрацца — цэлы свет, вялікі і таемны. I вось, злучыцца сотня, тысяча гэткіх адзінак, і якая знойдзецца сіла! Горы парушыць, знясе на сваім шляху найбольшыя перашкоды».
На ўмывальніку зіхацелі разлітыя кроплі вады, і тонкія ніткі святла падалі на Рыгораў твар, сур'ёзны ды задуменны. Сонца выпякала на ім ранейшую свежасць, пакрывала цьмянаю загараю. У бровах, пасмутнеўшых ад пылу і духаты ў заводзе, мянялі нядаўнія рысы маладое міны. Усе адзнакі працоўнага жыцця — былі наповерху. Астрог, мукі няволі, высылка і доўгія пякучыя думкі пра мацеру, пра яе адзіноцтва — свяціліся ў вострым узроку, у лёгкім нахіле простае, роўнае постаці.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119