Праводзіны


1 2 3 4 5 6 7 8 9

Пасля тут жа азірнуўся на свае мінулае, можа, сам якую крыўду ўчыніў Шпулям? Прабег думкамі наўсцяж поўных дзесяці год — нічога не знайшоў. Але адказаць на словы Дзям'яна не ведаў як, каб яно выйшла ўпапад. А не адказаць?

—   Памог і памагаю.

—   Мы памагаем, а нам?

—   Можа, і нам памогуць.

—   Тут цяжка сказаць.

Дзям'янаў сын невыразна прамармытаў:

—   А вы, дзядзька, верьте?

—   Як бы сказаць...

Лаўрэна перабіў вокліч з надворку:

—  Лаўрэн, хадзі дахаты. Лаўрэн паглядзеў у акно.

—  Іду, чаго вам прыспела,— адказаў жонцы — то была яна — і абярнуўся да Дзям'яна: — Я б усё-ткі прасіў ласкі...

—   Праўду кажу, няма. Былі б грошы — не паехаў бы ў мястэчка. Ужо ўбачай, суседзе.

—  То ж вядома, чаму б не паверыць... Мо хто змілуецца... Лаўрэн надзеў шапку і зрабіў два крокі да дзвярэй.

—    Прыходзь, Саўка, на праводзіны Віктара, ён прасіў... Ты таксама, Дзям'ян.

—    Хіба Саўка, а куды ж мне, старому...— адказаў Дзям'ян і прайшоў за Лаўрэнам у сенцы.— Усе ж, па-мойму, лепш сустракаць, як праводзіць... Думаеш, легка на аднэй поліўцы? — дадаў ён у сенцах.— Бацькаў хлеб — не казённы.

Гэта не выклікала з боку Лаўрэна жаднага адказу. Лаўрэн думаў, куды пайсці ад Дзям'яна, і моўчкі выйшаў на вуліцу.

Лаўрэн абышоў яшчэ некалькі знаёмых, шукаючы назычыць пяць рублёў. Тры чалавекі адказалі — па розных прычынах. Больш таму. што не мелі. А Сідар Світка і Ігнат Цэзік выставілі поўнасцю тыя ж матывы, якімі кіраваўся Дзям'ян Шпуля. Давялося занесці ў кааператыў пуды... Абысціся без праводзін Віктара — ніяк не мог. Не таму, каб гэта всльмі моцна трымаўся звычаяў, не. Больш, калі не цалкам таму, што любіў яго. Дваццаць гадоў Віктар не адлучаўся з хаты. Усю працу цягнуў на сваіх плячах. Бацькі не турбаваў, паважаў, хоць бачыў яго хібы. Лаўрэк любіў выпіць; аддаваўся без усякай узнагароды службе ўпаўнаважанага вёскі. Усё пакідаў на Віктара. Кожнаму і ўсім хваліўся: «Мой Віктар — сцяна, на якую я апіраюся». Старэйшы сын з царскас службы не варочаўся хоць бы на тыдзень на пабыўку. А праз сем год прыйшоў без рукі. Сярэдні — быў таксама добрым сем'янінам. Але Віктар — над усімі. Выпраўляць у армію, пэўна, было нялёгка. Луцэя, жонка Лаўрэна, з часу, калі з'явілася абвестка ваеннага камісарыята аб прызыве, аплаквала Віктара. Пытала Лаўрэна, што яны будуць рабіць без яго. Лаўрэн адказваў кожны раз адным сказам, нібы ў ім была непарушная вера ў гэты сказ.

— Покуль Віктар пойдзе, Панас прыйдзе.


1 2 3 4 5 6 7 8 9