Чырвоныя зарнiцы, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100

— У вас многа баставала? — шапнуў на вуха Рыгору Камар.
— Як вам сказаць: чалавек каля двухста... Такарная поўнасцю і часткова... Так, прынамсі, учора наглядалася... Сёння нікога не спаткаў... Цэлы дзень... А ў вас?..
Камар сур'ёзна адказаў:
— Ты ж, браце, павінен ведаць, што я трымаюся зусім інакшага погляду...
— Ці ж увесь завод думае па-вашаму?
Рыгор адчуваў, што яго забірае настрой зласлівай упічнасці і не думаў, што яна недачасна.
— Калі судзіць па сённяшнім дні, дык яно адпавядае праўдзе.
— Шкода!
— Хэ-хэ-хэІ Я завідую табе, Рыгор.
— Затое я вам — ні каліва.
— Наступнае скажа.
— Ужо бягучае гавора.
— Толькі многія яго гутаркі не разумеюць.
— Вось у гэтым і бяда.
Ключ у руках Камара, прасунуты ў дзверы, на нейкі час перапыніў іх задзёрыстую, ужо напаўварожую гутарку.
— А мне здаецца...
Камар не дасказаў.
Пераняўшы іх пры кухні, Камарыха растрывожана паведаміла:
— Гэта ж заарыштавалі Якава Гіса! Толечкі што прыбягаў да цябе, Міхась, якісьці хлапчук і прасіў перадаць...
I Камар і, тым болей, Рыгор, чула настаражыліся і задумаліся.
Камарыха таксама моўчкі стаяла на адным месцы, пільна паглядаючы на мужчын.
— Хаця б, крый чаго...— памкнулася яна выказаць якуюсьці думку, але Камар махам рукі яе пераняў.
— Не спадзявайся-а... Няўжо і ён баставаў? — здзіўлена запытаў Камар ні то ў жонкі, ні то сам у сябе, следам утароплена паглядзеўшы Рыгору ў твар.
— I я не спадзяваўся... хоць апошнімі часамі Якаў...
Усе ўтраіх ізноў змоўклі не давяраючы крокам, якія пачуліся па ўсходах.
Спусціўшы нейкі час, Камар праказаў:
— А Якава шкада... Несцярожліва пэўна... Ну, што ж. Гатуй, жонка, гарбату... хочацца есці... Праходзь, Рыгор, у пакой... Вось «Біржоўка»...
Міхась прапусціў Рыгора ў адчыненыя дзверы пакоя, а сам кудысьці знік.
Рыгор прысеў каля засланага машаставаю скацярткаю стала і разгарнуў газету.
На першай старонцы, у правым куту зверху, чорнымі літарамі адзначаліся важнейшыя навіны дня: «Вайна з Турцыяй». «Італьянскія «камбінацыі». «У Англіі»... пад кожным з гэтых агульных загалоўкаў, выдзеленых буйнымі літарамі, ішлі паведамленні пра згінуўшых людзей і турэцкіх кананерскіх лодках, пра адстаўку міністэрства Саландры і маніфестацыі італьянскіх патрыётаў, пра выключэнне ангельскіх кавалераў ордэна «Падвязкі». Асобным радком, мала заўважана, вызначалася: «Вайна і 1-га Мая».
«Біржоўка» гучней зашалясцела ў руках Рыгора. Ён з цікавасцю пачаў выглядаць у тэксце навін пра Першае мая. Яны былі змешчаны на чацвёртай старонцы, заняўшы амаль не цэлы слупок набору. Рыгор прагна ўперыўся вачыма ў дробныя шэрыя літары зместу і хутка прачытаў іх з пачатку да канца.
«Біржоўка» паведамляла, што Першае мая ў Пецярбурзе святкавала да дзвюх тысяч чалавек рабочых. Баставалі заводы на Пецярбургскай старане, у Новай і Старой Дзярэўнях, за Неўскай заставай і на Выбаргскай старане. Лік баставаўшых на Выбаргскай старане газета вызначала ў 150 чал., аднак белыя прагалы ў зацемцы наводзілі на падозранасць і застаўлялі думаць, што забастоўка мела куды болыны размах, ніж то паведамляе «Біржоўка». Прынамсі, пра Выбаргскую старану газета нагла хлусіла. Характэрным момантам у заметцы было апісанне тых мер, якія выпрацавала паліцыя для змагання з магчымымі выступленнямі рабочых. Дзеля гэтага горад быў падзелены на шэсць паліцмайстарскіх раёнаў, была ў вялікай колькасці мабілізавана паліцыя, прыгатаваны вайсковыя часткі... Паліцмайстры знаходзіліся ў сваіх раёнах і пра ўсе заводы даносілі граданачальніку...
Гэткім чынам рабочы Пецярбург смела адзначыў міжнароднае свята працоўных.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100