Чырвоныя зарнiцы, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100

Іначай было за рубяжом, дзе згодніцкая сацыял-дэмакратыя ў сваіх пастановах заклікала рабочых адмовіцца ад святкавання Першага мая.
Рыгор палажыў газету на стол і, горды і задаволены адважным выяўленнем рабочага пратэсту, волі і імкненняў да змагання, упэўнена падышоў да акна.
«Памятайце ўсе тыя, хто думае, што на крыві салдат і на працы рабочых навекі замацована ваша панаванне! Дарэмная самаўцеха! У любую хвіліну завіхрыцца нездавальненне, і гнеў працоўных змые вашы фартэцы і зруйнуе вашу марную сілу і дабрабыт!»
Увераны ківок крэпка сашчэпленага кулака пагрозна зарухаў над шыбамі акна.
— Ты гэта супроць каго? — заўважыўшы гэта, пасмяяўся Міхась.
— Супроць тых, каму трэба памятаць пра рабочую помсту.
Камарыха спынілася пры стале і перабіла гутарку.
— Закусіце,— абярнулася яна да Рыгора.
— За Першае мая — са здавальненнем... За тое, што Пецярбург дапомніў каму след, што фронт не канчаецца там, дзе пачаўся...
— Гэта як разумець?
— Пецярбург сённека быў працягам фронту, во...
Рыгор падаў Міхасю газету, паказваючы на зацемку «Вайна і Першае мая».
Міхась уважліва прабег вачыма па радках паказанага зместу і здзіўлена паглядзеў на Рыгора.
— Дзве тысячы — на пяцьсот тысяч рабочых — гэта не многа. Адных Рыгораў знойдзецца болей...
— Затое, кожны з гэтых дзвюх тысяч ёсць іскра, якое не згасіць сотням Міхасёў...
— Не дачасна, Рыгор, не дачасна... Глядзі во, як тразвейшыя нас французскія сацыялісты робяць... Нават нашы суседзі, фінляндцы...
Праслухаўшы перагаворы мужчын, Камарыха тужліва заўважыла:
— Бедныя, не падзяліць вам, я бачу, знойдзенага багацця... Хі-хі-хі! Грызуцца ды ні рады... Пеце гарбату, ды...
— Рыгор павінен начаваць сёння ў нас. Добра?
— Тады вы паб'ецеся, чаго добрага, калі часамі... — Добра, Рыгор?
Рыгор нейкі час падумаў, паглядзеў на гадзіннік і ўпэўнена адказаў:
— Дзякую, калі не ў дазол — чаму ж не... Хоць Міхасю прыкра будзе хаваць свайго супярэчніка...
Назаўтра раніцою Рыгор з Міхасёвай кватэры паехаў проста на завод. Яму вельмі рупіла хутчэй пачуць, чым і як адаб'ецца ўчарайшае святкаванне на далейшых яго стасунках з заводам. У нутру мулялася нядобрае адчуванне, але Рыгор не патураў на гэта.
Адмечаныя бульварнаю газеткаю дзве тысячы забастоўшчыкаў упісалі новую, светлую старонку ў кнігу вялікага і крывавага змагання за справу працоўных. Куды, сапраўды, задумоўвацца над сваім уласным лёсам?
На небасхіле заблішчалі яскравыя агеньчыкі радаснага наступнага. Для яго Рыгор здаўна прысвяціў не толькі свае прыватныя інтарэсы, выгаду, а свае сілы і сваё жыццё. Ужо ён не раз і не два бязбоязна станавіў яго пад яўную пагрозу. А зараз?..
Агромністыя гмахі завода адцягнулі да сябе Рыгораву ўвагу. Паравік плаўка спыніўся перад галоўным яго корпусам. Рыгор першым выскачыў з вагона і павярнуў да брамы.
— Рыгор! — пазваў яго хтосьці з грамадкі рабочых, якія стаялі пры браме.
Ён азірнуўся.
Да яго набліжаўся Анікей.
— Запазніўся, таварыш... Можам святкаваць!
— Магу?
— А чаму ж не. Во!
Анікей паднёс да Рыгоравых вачэй рашчотную кніжку.
— Ідзі атрымоўвай палучку і вып'ем за перамогу,— пажартаваў ён.
Да іх падышло яшчэ некалькі чалавек.
— Можна ў лясок куды-небудзь, на палянку,— вымавіў адзін з падышоўшых.
— Якраз і пагода спрыяе,— дадаў другі.
— Дзень прагуляем — снарадаў сотні і няма. Усё чалавек дзесятак захаваем у жывых...
— Калі б адзін усяго дзень не працаваць!.. А бывае — і месяц патарчыш пры варотах.
— Не дачакаюцца гэтага... Самі, ці што, пастануць да станкоў?..
— Знойдуць нашага брата!
— Ды чорта лысага знойдуць... Закруцілі шэйна-катрынку, нябось не абысціся без...
— Без цябе!..
— А то — бач!
— Знаем такіх...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100