Чырвоныя зарнiцы, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100

Расійскае войска ідзе на Эрзерум. Туркаў чакае пагібель. Дзе яна, чаму яна не прыносіць разам з гэтым пагібелі ўсёй вайне? Усюды і ўсе чакаюць міру, чакаюць той хвіліны, калі змоўкнуць стрэлы гармат і незлічоныя цягнікі пакінуць падвозіць сотні тысяч раненых.
I разам з тым, усе бязвольны наблізіць той час. У чым захавана вось гэта супярэчнасць? Якія законы давяць на волю мільёнаў, не дазваляючы ёй разварушыцца? Няўжо вайна вышэйшы закон?
Насустрач прыгожай вясне вытырклі прагныя дулы гармат, бліскучыя лозы штыкоў і пік. Пад сіні лазурак неба імкнуцца хмары дыму ад пажараў, з комінаў фабрык ды заводаў, дзе куюцца снарады, зброя, атрутныя газы. Чырвоныя пырскі крыві звільжаюць вызвеўшыя купіны зямлі. Там, пад верхнім слоем размочанага пяску, насенне валошкі, пралескі, кукалю. Няўжо на іх крохкім храстку стане падкованы абсац і расцісне кволыя валаконцы прыгожых красачак?
Вясна, ядраная, з залацістымі сувоямі шаўкавістага прамення, гудзе струменямі бурлівае вады, блаславіць зямлю нябескаю красою неабмернага блакіту.
На вясну надзеі.
Навошта каму той Берлін, тая Вена, Будапешт і Канстанцінопаль?
Замірэння — згоды! Годзе драпежніцтва!
Гэта выразна напісана на тварах тысяч прахожых, занятых працаю. Абыякавасць?
Так, яно не паддаецца ўжо награванню адцягненымі, фальшывымі абяцанкамі. Зіма паказала, што ў ёй хаваецца. Вясна — рашыць!
Вясна рашыць!
Рыгору хацелася гэтага, але ён не быў упэўнены, што гэта здарыцца. Нечуваны размах вайны, захапіушы у сваё ўлонне дзесяткі краін, мільённыя арміі, азвярэнне людзей — не казалі ў карысць яго хацення. Клубок несупынна блытаўся, рос вузел на вузлу — без канца, без меры.
Разам падвышалася напружанасць пачуцця. Цяжка рабілася, губляючыся ў няведанні наступнага.
Але раздумы на гэту тэму не аблягчалі становішча. Наадварот, яны ўдубальтоўвалі яго цяжкасць. Прыходзілася спыняцца на апошнім — калі-небудзь ды вайна скончыцца. Не будзе ж яна бясконцай?
Кожны раз, адцягваючыся ў думках ад вайны, Рыгор у яе аспекце разглядаў сваё ўласнае жыццё. Нельга было сказаць, каб ён цалкам залежаў ад паваротаў вайны, усё ж яна клала на ім свой адбітак. Прымацаваны мілітарызацыяй да завода, Рыгор адчуваў усё, што з гэтага выплывала, і не мог не браць яго пад увагу.
Дзень у дзень перад ім паўставаў сівабароды дзядзька са Знаменскай вуліцы; пакорліва разнятыя сінія губы не пакідалі шавяліцца, пагрозныя, пякучыя словы выкладалі балючы змест страшэнных падзей. Яны абнімалі Рыгораву істоту, ціснулі на яе і не давалі супакою. Вайна разбурае цэлыя краіны, зганяе з месца сотні тысяч працоўных людзей. Колькі іх разышлося па белым свеце! А колькі яшчэ на чарзе!
Праз усю зіму — вайна не сціхае. Як страшэнная тузаніна, яна пазменна калыша мільёнамі, давіць і цісне на зямлю і на людзей. Кожнадзённыя весткі не спыняюць казаць пра ўпартае пасуванне нямецкай арміі на ўсход. Нямецкая армія націскае — расійская адступае, ці наадварот — а мірныя вёскі і мястэчкі няшчадна расціскаюцца пад тоўстымі шынамі гармат, пад конскімі капытамі, пад абсацамі тысячных грамад пехацінцаў.
Вайна цягнецца — і не спыняецца бежанства. Хто яго ведае, у які момант падыдзе чарга да Сілцоў. Газеты праўды не пішуць — стаўка захоўвае непрыемныя для Расіі навіны. Ці ж не адмячаў Рыгор многаразовыя няўвязкі ў разгортванні планавага манеўру абароны? Ці не знянацкам было заняцце немцамі Лодзі, іх раптоўнае з'яўленне пад Асаўцом і ў Сувалкшчыне? Не заўтра, паслязаўтра прарвецца данясенне пра страту Гародні, пра падыход немцаў да Нё'мана. Гэта ж усё згон мірнага жыхарства, гэта ж усё новыя тысячы ўцекачоў.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100