Чырвоныя зарнiцы, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100

Праверка білетаў астудзіла цывільнага гаваруна-патрыёта, і ён, як не бывала таго, ізноў ківаўся ў гутарцы перад сваім суседам...
Рыгор, Павал, Ромусь і Генрык стрымлівалі напор смеху, зрэдку азіраючыся на няпрошанага размоўніка.
Каб не зацягнуць яго ў сваю гутарку паўторна, яны паадварочваліся да акна і ўжо цішэй узнялі яе працяг.
Ромусь успомніў некалькі выразнейшых момантаў з іх астрожнага жыцця, паведаміў Рыгору пра некаторых агульных знаёмых. Для Ромуся з Генрыкам бычо зусім нечаканым пачуць ад Рыгора пра Міхася Камара, Артура Цвібеля і Якава Гіса. Пазіцыя першага ў поглядах на мэты вайны і на адносіны да яе з боку рабочага стану, пераказаная Рыгорам, выклікала ў Ромуся і яго таварышаў адмоўную ацэнку.
Следам Рыгор паведаміў сваіх рыжскіх таварышаў пра ранейшыя і апошнія здарэнні з рабочага жыцця Пецярбурга і заключыў апавяданне сваім разлікам з павода.
— I зараз вы едзеце дамоў? — пацікавіўся Ромусь.
— О, не! Дзе там! Я еду, вось, з таварышам на службу ў дарожны атрад.
— Чаго ж, гэта лепей, як на фронт. А мы,— ён азірнуўся на цывільных,— як пацукі папалі ў пастку, каб не камандзіроўка з палоннымі, магчыма, купалі б нашы целы спакойныя хвалі Нёмана. А зараз, вось, нас пераводзяць у другую часць — мо, нейкі час затрымаемся ў тыле...
— А хто вам перашкаджае пратрымацца як найдаўжэй,— парадзіў Рыгор.
Салдаты спачуваюча ўсміхнуліся.
— А ўжо ж, самі не будам напрашвацца,— прызнаўся Генрык.
Цягнік усцішаў хаду. Яны ўсе разам згрудзіліся ў акне, ловячы ўзрокамі станцыённыя будынкі.
— Новыя Сакольнікі?
— Яшчэ толькі Дно...— адказаў, прашмыгнуўшы да дзвярэй, кандуктар.— Дваццаць хвілін стаянкі! — дадаў ён з выйсця.
Пасажыры рушылі з вагона.
Рыгор ды Павал разам з усімі.
Двое еалдат асталіся пільнаваць месца.
У набітай вайскоўцамі і рэдкімі цывільнымі зале другое класы пахла свежаю капустаю, печаным мясам і людскім выдыханнем. Рыгор з Паўлам ды з знаёмымі салдатамі рашуча праціснуліся да буфета, заказалі абеды і вярнуліся да толькі што апарожненага стала.
Нёсшы чамусьці чатыры талеркі гарачае супы рыжы, запацелы і раззлаваны кельнер супыніўся каля іх. I ці па згаворцы, ці таксама выпадкова, яго калега зараз жа прынёс другое. Гэткім чынам абед улажыўся ў дванаццаць хвілін і яшчэ хвілін каля дзесяці аставалася ў загоне.
Рыгор першым вылез з-за стала і накіраваў на перон. Павал з салдатамі не адставалі.
I толькі яны выйшлі з залы на калідор, як іх перапыніла грамада людзей. Наперадзе іх, хапіўшы за руку, здаравенны станцыённы жандар вёў нейкага мужчыну. Апошні смела і рашуча нападаў у словах на жандара, заўзята махаў вольнаю рукою і не намерваўся адыходзіць ад прадстаўніка ўлады. Следам за ім, раздражнена лаючы чыгуначныя парадкі, ішлі іншыя, наколькі відаць было, таксама пасажыры.
— У чым справа? — пацікавіўся Ромусь.
— Жандар павёў складаць пратакол,— адказаў задні з грамадкі.
— За вошта?
— А ласне разбярэшся?
Яны болей не распытвалі, каб не займаць праходу, і выйшлі на перон.
Гадзіннік паказваў блізкі адыход цягніка. Публіка рупліва бегла ў вагоны, але кожны падбягаўшы да дзвярэй супыняўся. Некаторыя спакойліва адыходзілі назад.
— Цягнік затрымоўваецца на сорак хвілін,— паведаміў іх кандуктар,— не спяшайцеся.
Падзяліўшыся на пары, салдаты асобна, а Рыгор з Паўлам асобна, яны згубіліся адны ад другіх у сумятні пасажырска-пероннага натоўпу.
— Сімпатычныя людзі твае латышы! — адазваўся Павал.
— Так, я знаходзіў у іх блізкіх сябраў. Бывала ў астрозе...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100