Чырвоныя зарнiцы, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100

Уз'ехаўшы на грудок, Рыгор злез з воза і пільным узрокам правёў навакола.
Недалёка, як на далоні, ляжала шэрая пляміна мястэчка. Высокая вежа пажарнае парола сіняе паветра. 3 правага боку мястэчка выпукляўся якісьці буйны мураваны будынак ні то паравога млына, ні то бровара, з патухшым, пагнутым комінам.
На працілеглым баку стаялі ў рад тры ветракі з прадзіраўленымі шырокімі скрыдламі. Вузкаю срэбранай стужкаю вывівалася між іх, па зялёнай паласе поплава, рэчка.
Насупроць узгорка, за мястэчкам, з яго шэрых падгніўшых будынкаў, выбягалі чатыры рады высокіх прысад. Прысады абміналі рэчку, узбіраліся на невялікае ўзвышша, далей накіроўвалі да цёмнае сцяны лесу.
Налева ад ветракоў, у густой купіне дрэў, мясцілася да дзесятка дваровых будынкаў. Адзін з іх, белы, з чырвоным пафарбаваным дахам, выгадна вылучаўся на мяккай жаўтаватай руні лісця.
У адгоне вярсты ад двара пасвілася вялікае стада гавяды.
3 мястэчка ў двор ішлі маладыя каштанавыя ці кляновыя прысады. Гэткія ж прысады памыкаліся накіроўвацца ў бок станцыі, але, працягнуўшыся каля вярсты, абрываліся. Насустрач ім выбягала да станцыі пара невялічкіх купак бяроз, якія нясмела спыняліся на нелапым адгоне ад прысад.
У тым канцы, адкуль Рыгор з Паўлам прыехалі, пільнае вока не знаходзіла нічога, апроч зелянеючых прастораў поля. Яго цемнаватая рунь з адсветам сталі ў выемках паміж гарбамі, лёгкіх хвалек непрыкметна злівалася з лясным маладняком.
Адсюль нясло прасторам, смачным п'яным паветрам, цяплом квітнеючага лета. Рыгоравы ногі ўрасталі ў вызвеўшую зямлю, а істота дробілася на часткі, зліваючыся з буяннем прыроды.
Нез'яснёная лёгкасць, як пасля скінутых ланцугоў, што доўгі час звязваюць людскую долю, абдала Рыгораву істоту. Глеба, мяккая, як пух, тапіла ў сабе яго прывыкшыя да камня ногі.
Не хацелася верыць, цяжка было думаць, што вось гэткімі палямі ды паплавамі, па чыстай, пушыстай руні, вёрст на сто да захаду, прарыты крывыя шнуркі акопаў, працягнуты драцяныя загарадзі, і тысячы ног выбіваюць пасевы.
Брала дрыготка, калі мімавольна раздражненае ваабражэнне малявала вобразы пажараў, ад якіх гінулі вось гэткія самыя, што перад ім, мястэчкі.
— Едзем?
— Едзем!
Адпачыўшы, канякі рыссю пабеглі з узгрудка проста на шэрыя будынкі мястэчка. Траскатня і падкідасы, з якімі каціліся ломкія вазкі, млосна дапякалі ездакам.
— Па-мойму, дарожны атрад, што стаіць зараз у Ступках, абавязаны дарэмна выправіць гэту дарогу, тут жа справа чыста вайсковая,— каб згладзіць непрыемнае пачуццё ад язды, загутарыў Паўлаў вазніца.
— А зразумела,— рады выпадку яшчэ нейкі час паразважаць ездакоў, падхапіў Рыгораў вазніца: — для мяшчан тае дарогі хапіла б на дваццаць год. Я думаю, што мы можам прасіць гэтага па праве... Як вы кажаце? — абярнуўся ён да Рыгора.
— Мой сябра гэта лепш ведае,— адказаў Рыгор. Вазніца нібы і чакаў гэтага   адказу, ужо даўно
ўглядаўшыся ў начальнічую форму Паўла.
— Фомка,— гукнуў ён, калі пара гумен ужо засланіла ад іх зелень паплавоў.
Паўлаў вазніца азірнуўся.
— Чаго?
— Ты чуў, што я казаў? Гэта наконт дарогі...
— Ага?
— Запытай там у свайго... Напэўна, яму гэта справа вядома.
— Ды кінь, Лукаш! Ці маеш ты лад?
Хутка яны ўехалі на брукаваную вуліцу, якая струною праразала мястэчка ад рэчкі да рынкавага пляца.
— Нам да канцылярыі кіраўніка работ,— праказаў Павал, абярнуўшыся да Рыгоравага вазніцы.
— Ведаем... А адтуль, часамі ў Ступкі не паедзеце? Бач, атрад стаіць там. Ды, напэўна, і сам кіраўнік недзе індзе.
— А я вам не магу сказаць...
— Вы ж, напэўна, таксама за гэтай справай? — надазаляў Рыгору вазніца.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100