Чырвоныя зарнiцы, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100

Павал моўчкі стаяў, сведчачы іх размову. Кіраўніка ён добра ведаў, і яго гутарка з Рыгорам лішні раз дапамінала яму пра характар Яўгена Провава. Болей цікавіў Рыгор. Яго спакойлівасць і лёгкая нядбайлівасць да таго, пра што ішла рэч, паказвалі смеласць і рашучасць гэтага чалавека. Вывучаны год таму назад, калі яны побач стаялі за варштатам, зараз Рыгор адкрываў перад Паўлам забытыя бакі свайго я.
— Значыць, сходзімся на тым, што я вас аддаю пад загад дзесятніка Паўла Памыйкі. Згодны?
— Будзем лічыць, што так.
— Вы запішэцеся ў майго дзелавода, а поўнае афармленне вашага прыёму ў атрад мы з Памыйкам правядзем пасля.
— Дзякую.
— Вам пад загад! — ухмыляючыся, абярнуўся кіраўнік работ да Паўла.
— Вазьму з ахвотаю.
Яны ўтраіх выйшлі ў канцылярыю.
Кіраўнік тут жа аддаў распараджэнне дзелавому забраць ад Рыгора паперы і правесці яго залічэнне ў атрад. Той паслухмяна праказаў некалькі разоў засаб «слухаю» і зашастаў мнагалікімі справамі на стале.
— Можна, калі хочаце, з абеду пачынаць працу. Едзьце ў двор, уладжвайцеся з кватэраю ды ежай і запрагайцеся,— парадзіў кіраўнік і вярнуўся ў свой пакой.
Хвілін праз дзесяць Рыгор з Паўлам паехалі ў мястэчка ў двор. Цяпер іх вёз адзін вазніца, з якім Рыгор ехаў са станцыі.
Выехаўшы з мястэчка, ён па-ранейшаму завёў гутарку пра сапсаваныя дарогі і пра павіннасць атрада іх паправіць. Але бачачы, што на гэта яму не атрымаць пэўных адказаў, вазніца перайшоў на іншую тэму. Пахваліўшы гароды і поплавы, што прылягаюць да рэчкі, ён рашыў не лішнім пазнаёміць ездакоў з гісторыяй двара, у які іх вёз.
— Вось гэты двор, калі хочаце ведаць, дзесяткі разоў пераходзіў з рук у рукі. Мабыць, ён некім загавораны, бо хто з ім ні меў справы — кожны, нарэшце, спяшыў збыць яго з рук. Ужо за маю памяць уладаром двара перабывала пяць асоб, а раней... Бацька мне расказваў... Цікава...
Вазніца абярнуўся да ездакоў, заліўшы свой пацёрты жыццём твар вясёлым смехам:
— Цікава, паслухайце,— тут жыла пані Задніцкая, гадоў сем — восем таму. Гой, што за па-ані! Колькі яна звяла грошай і дабра на мужчынах! Штотыдзень, свята ў свята, у яе балі — цалюткія ночы. Летам, бывала, расхляпесціць вокны пакояў, а музыка ў мястэчка, гэтак, гру-у, гру-у — і — ы-і. Хоць скачы!.. Агні нейкія пускала ў сваім садзе. Цёмная ноч, а на небе, я вам кажу, палае разнастайнае святло, зоры, дарожкі... Назаўтра — раз'езды, паверыце, як з кірмашу... I так даездзілася, нарэшце, дагулялася. Раніцаю так, памятаю, я ўстаю, а ўжо з мястэчка вязуць у двор ксяндза — адпяваць паню... Ці задушылі, ці сама дайшла... Пасля хавалі, ой як багата хавалі! 3 гонарам адправілася на той свет, але... штосьці сем гадоў не чутно ў мястэчку жаднае музыкі. Там — не тут...
Зараз па яе слядах тупаў трэці пан, нейкі адстаўны маршалак. Залетась, чуеце, пачаў ён перастройваць двор ва ўзорную гаспадарку: накапаў канаў, напракладаў труб, усыпаў пахань якімісьці загранічнымі парашкамі; сеялак, веялак назвозіў. Пайшло ра-а-сці, во-а!.. А гэта зноў спад, уніз. Сам з'ехаў у Варшаву, пакінуў упраўляючага, і ніякага ладу... Гавяда памізарнела, ураджай паменшаў, трубы паламаліся, адным словам... А дзесяцін тысячу гэткае зямлі — люба! Каб гэта нашаму брату па шнурочку, вось тавому хоць...— Ён паказаў на адгон між дарогі і тоўстым каменем пры ёй.— Хто б свістаў гэтай пугай... Быў бы кавалак хлеба, была б кароўка і падсвінак, мо, і адзежына людская. Не па праўдзе бог дзеліць; людзям самім давядзецца папраўляць чыннасць нябеснага дзядулі...
Вазніца разліўся зацяжным рогатам.
Яго лахматая галава то апускалася, то падымалася, а сутулая спіна важыла ёй у тахт.
— Не праўда мо? — з натугаю вымаўляючы словы, запытаў ён у Рыгора з Паўлам.
— Зусім праўда, але...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100