Чырвоныя зарнiцы, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100

Без намеру і без абдуму ён выйшаў на вуліцу і паскораным крокам пайшоў напрамкам да клінікі Вілліе.
Сустрэў бы хто Рыгора ў гэтым момант і запрапанаваў бы яму штоколечы блазнае, нязбыўнае — ён кінуўся б на яго з засосам, самааддана. Але на адгоне каля двух кіламетраў яго не толькі ніхто не пераняў, а нават не збіў яму дарогі і не даў жаднага намёку на перашкоду яго роўнай, адшнураванай хадзе.
На скрыжаванні трамвайных шляхоў яксьці саматугам, мімавольна кінулася яму ў галаву выпадковая думка паехаць у Народны дом — не на драму, не на оперу, нават не на крыклівае, пустазвоннае кабарэ, а ў тысячную гушчу гуляючай публікі, у яе тлум, гам, бязмэтнае таптанне.
Сеўшы ў вагон трамвая — ён ужо быў непарыўна звязаны сваім планам, які вырас у нешта завабнае ды заспакойваючае. А чым бліжэй да Народнага дома, тым гэты план рабіўся шырэйшым і багацейшым па сваім змесце. Народны дом глядзеў на яго смачнымі піражкамі з кавай, бесклапотным смехам тысяч дзяўчат і хлапцоў, буйнымі шансамі разнастайных выпадкаў, здарэнняў ды нечаканасцей...
Празрыстыя рэкламы пры ўваходзе ў Дом швыдка выпхнулі Рыгора з трамвая і магнетам пацягнулі яго да дзвярэй, якія несціхана, як вяртушка, круціліся перад ім. Рыгор не апамятаўся, як халодная медная ручка, таўшчынёю з цапідла, апякла яго руку халадэчай. Хтосьць, што ішоў заднім, пасобіў швыдчэй адцягнуць на сябе цяжкую фортку дубовых дзвярэй, пасля моцна ціскануў яго і перадтурнікетны натоўп увабраў Рыгора ў сябе.
— Праходзьце хутчэй! — прагукнуў ён наперад. Яго словы засталіся без адказу. Ды фактычна іх ніхто і не пачуў з-за раптам узнятага крыку.
— У чым справа? — запытаў хтосьці поплеч Рыгора.
— Інваліда павалілі, сто-ой-це-э! — пачуўся адказ, і новы націск адпіхнуў людзей. Але тыя, што іх прыціснулі да дзвярэй, дружным напорам павярнулі людскую хвалю наперад. Пачуўся гучны стук, і Рыгор на паветры пранёсся праз турнікі ў залу.
— Вось дык здорава! — пасмяяўся з яго хтосьці ззаду.
— Так! — абярнуўся ён на хаду да сказаўшага гэта і раптам спыніўся.
— Дык гэта ж вы, Ліба? У гэткай таўханіне, матачкі! — здзівіўся Рыгор.
Даруйце мне, што я дагэтуль не сабралася да вас. Ужо гэтымі днямі — абавязкова...— успомніла Ліба пра ранейшае.
— Пройдзем да буфета, Ліба. Я, прызнацца, яшчэ сёння нашча.
— Нашча? Гэта з якое прычыны?
— Або іх пералічыш?
Яны павярнулі да буфета, паціху і асцярожна рассоўваючы публіку, каб даць магчымасць прайсці раненым.
Трох іх, адзін на мыліцах з дзвюма баўтушкамі — нагамі, другі без рукі, трэці з павязанаю галавою, моўчкі ішлі між ім ды Лібаю. Раненыя пільна паглядалі на Рыгора.
Усеўшыся пры малюпаткім мармуравым століку, Рыгор заказаў піражкоў і па шклянцы кавы. Яго гасціннасць кранула раненых, якія ўперабой пачалі апісваць Рыгору перажытыя імі жахі вайны.
— Хутчэй бы якколечы на родную Кубань. Прыехала б у госці, сястрыца, ды мо з гэтым добрым чалавекам,— з поўным палужаданнем, але без веры, праказаў той, хто быў на мыліцах, з вялікімі цяжкасцямі прысеўшы на крэсле.
— А я ўжо сястры прышлю мелітопальскую мядзяніцу... Пахучую, як воск!.. Ха-ха-ха!..
Ліба цёпла ўхмылялася абодвум марнікам і спачуваюча ўздыхнула.
— Так, мы ўсе тут — нудзім па радзіме ды па блізкіх, але...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100