Чырвоныя зарнiцы, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100

Волька зрабіла крок наперад і працягнула Лібе каравую руку:
— Твой госць? — абярнулася яна да Рыгора.
— Як бачыш...
Гаспадыня вярнулася ў хату, а яны ўсе разам прайшлі дзядзінцам да выезду з двара.
— Вы ў мястэчка? — запытаў Сёмка, павяртаючы назад.
— Дзе там! Хаця б да ракі,— адказаў Рыгор.
— Пажадаю вам весела правесці час! Усмешка Лібы была адказам Сёмку.
— Шкада мне яго! — праказаў Рыгор, калі яны адышліся на гоні ад дзядзінца.— Слаўны чалавек і мусіць пакутаваць. Яшчэ добра, што ўдалося ўстраміць яго на працу ў атрадзе, а то б...
— Вы сапраўды накіроўваеце ў мястэчка?
— А вам бы хацелася? Ліба адмоўна кіўнула рукою.
— Як лёгка дыхаць! Давайце завернем направа... Што за дзіўны абраз!
Перад імі рассцілаўся шырокі абшар поплаву. Маладая атава пералівалася ў ваччу руцянаю зеленню. Жаўцеючае збожжа прагна лавіла ўзнятымі каласамі сонечнае праменне. Прысады і пералескі, што праразалі ровень палёў, карункавалі іх багатыя ўборы.
На небе блудзілі рэшткі нядаўніх хмар, адыходзячы да чорных граніц небасхілу. Прамытае паветра пахла спелаю яр'ю і соладам гваздзік.
Непарушнасць вады ў рэчцы сведчыла пра надышоўшую ўрачыстасць другое паловы дня.
Рыгор з Лібаю бязмоўна ішлі між дваровага саду ў бок невысокіх кустоў пры рэчцы. За імі нёсся несціханы стук калёс з захаванага ўзгрудкам гасцінца.
— Жывучы ў горадзе, нельга сабе ўявіць вось гэтага хараства... Няпраўда, мо, Рыгор?
Пруткая рука яго прыгартала да сябе стройны стан Лібы.
— Праўда.
— Я ўспамінаю Смагін і вечар, калі мы вярталіся з мітынгу... Мне так хацелася, Рыгор, гутарыць з вамі, але вы здаваліся мне... недаступным.
Ён паглядзеў у Лібіны вочы.
Дзяўчынін узрок гарэў маладою прагаю ласкі.
— Сядзем вось на гэтым грудку... Рыгор разаслаў жакетку.
— Калі ласка!
Лібіна касынка з'ехала на шыю, і чорны букет валос разбэрся па яе плячах.
— Сядайце тут... Бацькі не ўбачаць...
— Так, у мяне ўжо некаму глядзець... Абое нейкі час памаўчалі.
Ліба разуважліва кінула ў рэчку пару лісткоў малачайніку. Лёгкія кружкі чуць прыкметна заварушылі срабрыстую паверхню вады. Блудлівыя мошкі апалі на скінутыя для іх масткі.
— Ведаеце, Рыгор...
Напружаная ўвага зрабіла яго спакойней вады.
— Вам не цікава?
Рыгорава галава шчыльна падблізілася да Лібінай.
— Прашу вас, Ліба!
— Кіньма на вы... Мы не настолькі чужыя з... каб астуджаць наша сяброўства.
— Ты праўду кажаш...
Наступная хвіліна запоўнілася зацяжным пацалункам...
— Ты прыедзеш у Мінск?
— Буду прасіцца... Мне, наогул, тут сумна аднаму...
— Аднаму?..


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100