Чырвоныя зарнiцы, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100

Нячутна адчыненыя дзверы прапусцілі ў Рыгораў пакой гаспадыніну ўзлахмачаную галаву.
Асцярожлівае запытанне, аднак, было гулкім у затоенай цішы, і Рыгор збянтэжана павярнуўся да дзвярэй.
— Гэта вы?
— Выбачайце, вы не чакалі?
— Вам я патрэбен?
— Можа, будзеце піць гарбату? Іншым тонам:
— А ці ж пара ўжо?
— Дзесятая на сходзе... А калі хочаце, я прынясу малака.
— Калі можна — сырадою.
— Пэўна ж...
Гаспадыня знікла. Але Рыгор не паспеў вярнуцца да перабітае думкі, як яна зноў стаяла перад ім. Падаючы пітнік з малаком, маладзіца з адбіткам трывожнасці ў голасе праказала:
— А немцы ўжо каля Баранавіч... Аканом вярнуўся з мястэчка і казаў... Вільня таксама забрана... Што-а гэта толькі будзе-э, Рыгор Міхасевіч? Глядзеце, што праз які тыдзень і Мінск апыніцца ў іх... I калі, крый чаго, прыйдзецца ўцякаць, я сама не ведаю, як тады быць... Ці ж хто спадзяваўся гэтага?
— Не думаю, каб да таго дайшло.
— I мне здаецца,— ласне ўжо здарыцца нешта надзвычайнае... Усё ж такі ад Баранавіч да Мінска болей сотні вёрст, а ад Мінска да нас... Няўжо-такі...
— Спеце смела...
Рыгор засмяяўся, і гэта гаспадыню ўмомант перастроіла. Яна падбегла да стала і пільна агледзела паложаныя на ім лісты.
— А сястра не піша?..
— Якраз піша ды кланяецца вам...
— Ласне? — палісцілася маладзіца.  Не хлушу.
— Перадайце і ёй уклон ад мяне, калі пісацьмеце... Ды ўжо ж, думаю, напішаце?.. Чалавек, якому нельга не адпісаць.
— Напішу і перадам уклон...
Цікавасць гаспадыні была здаволена. Яна прыняла з Рыгоравых рук пасуду і выйшла з пакоя. За дзвярыма яна апамяталася і ўголас папрасіла:
— Навіны перадасцё заўтра ранкам.
— Абавязкова! — запэўніў Рыгор, паспеўшы ўжо разгарнуць газету.
«Біржоўка» ў навінах дня амаль не поўнасцю падмацоўвала гаспадыніна паведамленне.
Фронт набліжаўся да Мінска. Немцы абышлі Свянцяны, пераправіліся на левы бераг Віліі, апынуліся каля Ліды.
Пад пагрозаю пераможнага ворага страсянула жахам нядаўна дзёрзкія, самаўпэўненыя сэрцы айчынных патрыётаў. Усерасійскі земскі і гарадскі з'езды выкінулі лозунг «радзіма ў апасцы!». А цвердалобы, зблытаны ў падзеях урад вуснамі цара абвясціў маніфест аб прызыве ратнікаў апалчэння другога разраду...
Размах здарэнняў гаварыў сам за сябе...
Пагрозны, атулены змрокам невядомасці пытальнік канцэнтраваў на сабе Рыгоравы думкі і ўзрокі.
За ім, у цемры ночы, распластаная крыжам ляжала змучаная краіна.
Тая ж будняя, з голымі хваёвымі сталамі канцылярыя кіраўніка работ, але ў ёй замест двух чалавек, як то знайшоў у першы раз Рыгор,— чатыры. Трое маўклівых мужчын над цёмнымі справамі і чацвёртая рухавая машыністка. Стукі клавіятуры машынкі ніжуць роўныя радкі дробных літар. У стуку — аднастайнасць, як аднастайнасць у словах і сказах казённых паведамленняў. Павейвае сумам, хоць у прасторныя вокны льецца досыць святла. На вуліцы і ў двары — крыкі і бегатня дзяцей. Раз-поразу возьмуць ды адцягнуць яны ўвагу машыністкі ці руплівага дзелавода. Порсткі павёрт, звычайна, правядзецца невыразнай вымовай па адрасе бясклопатных дзяцей. Надалей — цішыня і знямоўчныя стукі машынкі. Паперак — тое і глядзі — не абабрацца. 3 двух бакоў падсоўваюць Іх на маленькі столік машыністкі.
Праз кожную гадзіну, а мо і часцей, ідуць прыказанні ад Провава. Кіраўнік работ важна выходзіць з свайго кабінета, аддае распараджэнне і, праверыўшы прысутных, знікае туды, адкуль з'явіўся.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100