Чырвоныя зарнiцы, 1 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100

Ужо гэта пытанне не ўпіралася амаль што ў жадныя перашкоды. Тым не меней ён не мог вызначыць тэрміну для падобнага кроку.
— Я не думаю, каб нам прыйшлося доўга збірацца,— адказаў Рыгор.
— Мне так хацелася быць у Пецярбурзе да Першага мая,— выказала свае пажаданні Ліба.
— Мне думаецца, што гэта магчыма...
Далей гутарка незаўважна для абаіх перайшла на іншыя тэмы.
Рыгор не забыў перадаць Лібе пра спатканне з Наталяю, пра гутарку ў упраўленні кіраўніцтва. На ней час ён яшчэ раз спыніўся на забойстве Рудольфа.
Усе закранутыя ім пытанні развязваліся пад кутом погляду блізкага перасялення ў Пецярбург.
Апошні выразна ўплываў пагодлівасцю на іх адносіны. Знайшлі сабе месца ў гэтай іх гутарцы і некаторыя сямейныя пытанні. I Рыгор і Ліба выявілі перад сабою тое, што з часам мусіла легчы над іхнім жыццём больш ачулаю павіннасцю. У які бок накіруецца развіццё гэтага, пакуль ніводзін з іх не думаў. Аднак уваход прыватных жаданняў у акрэсленыя рамкі адцягваў на сябе ўвагу абаіх.
Па-за сценамі пакоя блукалі пашарэлыя ўздымы ранейшых падзей, але абрысы іх туманіліся, як малочнасць аконнага шкла...
Калі над супрацьлежным будынкам стухалі апошнія водбліскі захаду, а ў пакоі гусціўся апойны вясновы змрок,— Ліба запрапанавала Рыгору выйсці ў горад.
Чыстае неба спакойнага надвор'я прыносіла ў пакой ажыўлены, узняты шолам вулічнага жыцця.
Наперакор раскалыханаму шалу смерці, якая жахлівым поступам мерала земляныя абшары,— задзёрыстай, пружыністай рабілася сіла нараджэння новага. Разам з расставаннем снегу, побач з набуханнем пупінкаў на дрэвах паўставала бадзёрасць, уздыблялася да сонца цяга маладых пакаленняў. Падобна гоману раз'юшанай паводкі — гудзела песня свежае, пявучае гамонкі ўсцяж роўных стужак вуліц.
— Пойдзем!
Яны паспешна збіраліся выходзіць з пакоя, але ў гэты час паднімаўся ўжо да іх ганкам Семка.
Ен дапытаўся, дзе жыве Рыгор, і з параю важкіх клункаў, за дзве гадзіны да адходу цягніка, рашыў яго наведаць.
«Рыгор, напэўна, не чакае — ну, што ж»... I мазольныя, не адмыўныя ад зямлі пальцы тузнулі званок.
Мэрам бы ўдваіх пазвалі яго ўваходзіць. «Удваіх?»
— Добры вечар!
Абапал стаялі Рыгор і яшчэ нейкая асоба. «Углядаецца?»
Абеглы ўзрок нічога не казаў Сёмку, аднак у Лібе нешта знаёмае.
— Вы збіраліся выходзіць?
Сёмкаў прыход быў болей як нечаканым. Рыгору нельга было варочаць таварыша з пакоя, і ён тут жа распрануўся.
— Мая жонка! Напэўна, бачыў калі?
Суровая міна Лібінага твару выказвала  нібыта нездаволенне яго прыходам. Сёмка выбачыў:
— Каб я ведаў, што перашкоджу, я не заходзіў бы...
— Што вы, калі ласка!
Ліба вярнулася да гаспадыньскіх абавязкаў. Увіхаючыся каля стала, яна не забывала аглядацца на Сёмку.
Ад госця нясло дзёгцем ды потам. Лахматы твар не гарманаваў з мяккім тонам гутаркі. А шэрыя вочы таілі ў сваіх узроках бяздонне жалю.
Між тым Сёмка выціскаў аднекуль крохкія ўсплёскі смеху і выдаваў сябе моцным у няроўным змаганні з мулкім няшчасцем.
— Ты гэта як да мяне трапіў?
— Яўген Біктаравіч «злітаваўся» і паслаў у камандзіроўку за жалезнякамі.
— Закупіў жа хаця?


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100