Крыжавыя дарогi, 2 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

Пра трамвай нечага было думаць. Рыгор дарма супыніўся і прыслухоўваўся — знаёмага гуку не чуваць было нідзе. Вярней было — шукаць рамізніка. Але і таго не напатыкалася.
Рыгор ускорыў хаду. «Хаця б не давялося шагаць пехам на Выбаргскую старану! Гэта ж зойме болей гадзіны».
Ён яшчэ раз супыніўся, ужо выйшаўшы на Садовую. Паглядзеў. У баку Аляксандраўскага рынку прыкмеціў чорныя плямкі — безумоўна, то былі рамізнікі. Стала бяспечней, і ён кінуўся спяшацца. Гэта дазволіла вярнуцца яго думкам да Ганнінага пакоя. Міхась Камар мігнуў перад ім несімпатычнаю мінаю твару.
«Які дзіўны ён, аднакава. Няўжо такі, сапраўды, не навучыла яго жыццё правільна ў ім разбірацца?» — праказаў сабе Рыгор. I толькі намерыўся працягнуць далейшую думку пра Міхася, як знянацку пачуў з-пад брамы:
— Як ваша імя?
Рыгора збянтэжыла ад нечаканасці. Ён нервова азірнуўся ўправа і ўгледзеў пры чорнай браме якуюсьці фігуру. Следам бліснуў агеньчык цыгаркі.
— Як ваша імя? — ужо смялей даняслося да Рыгора.
Ён спыніўся, сцяміўшы ў чым справа. Унутры заварушылася цікавасць.
— Вам яно патрэбна?
— Скажэце.
Ад брамы аддзялілася сярэдняга росту, у суконнай, вязанай хустцы дзяўчына і накіравала да Рыгора. Не падыходзячы на крок, яна пазвала:
— Можа, праведзяцё мяне дамоў?
— А вам далёка?
— Я па дарозе з вамі... Запазнілася ў таварышкі, і боязна ісці.
— Калі ласка, я магу з вамі прайсці...
Рыгор не сумеў дасказаць, як на твары набліжанай да яго дзяўчыны мігнула нешта знаёмае. Следам за гэтым паказаўся вядомым яе голас. Ён пільна ўглядзеўся ў дзяўчыніны вочы і з хваляваннем праказаў:
— Гэля?
— Што-а ты кажаш?
Дзяўчына завярнула назад і ўподбежкі стала ўцякаць ад Рыгора.
— Гэля, куды-і ты? — гукнуў Рыгор.— Чакай, на хвіліну.
Гук панёсся ўсцяж доўгай Садовай. Рыгор пайшоў за дзяўчынай. На адгоне трэцяга дома, у самым цёмным месцы яна завярнула да сцяны і спынілася. Рыгор падышоў да яе і ўзяўся за руку.
— Гэля?
— Так, Гэля... Даруй мне, што я...
— Ты ж чаго гэта так позна адна? Ты заблудзіла, можа?
Яна трэслася ні то ад холаду, ні то з сораму.
— Хадзем да мяне...
— У бежанскі камітэт?
— Не-э, я ўжо на новай кватэры. Я жыву вось у гэтым двары... Зойдзем, Рыгор... Табе далёка ісці дамоў... Я ўладжу з начоўкаю. Дам табе свой ложак, а сама перайду да таварышкі...
Ад Гэлі нясло пахам таннае пудры і поту. Блішчэлі заатрапіненыя вочы. Яна стукала нагою аб нагу, ляскочучы замерзлымі чаравікамі. Рыгор не ведаў, як быць. Яго рука не выпускала з пальцаў Гэлінай рукі. А думкі разгорталі шэраг балючых дагадак. Яны страшылі Рыгора і ў той самы час не дазвалялі яму павінуць Гэлю.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34