Крыжавыя дарогi, 2 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

— Я бачу, што нешта знаёмае відаць і ў вашай паходцы і ў вашых вачах і... Калі ласка, прашу да мяне...
Сарафіна Хлораўна гасцінна адчыніла дзверы і прапусціла госця ў свой пакой.
— Я вас добра помню... Распранайцеся... Го, як Рыгор узрадуецца вашаму прыходу!.. Вы ездзілі кудысьці?..
Пятрусь — то быў ён — не ўстрымаўся ад смеху.
— Каб ды ездзіў — сядзеў, не ездзіў... Гаспадыня адразу перамянілася на твары.
— Сядзелі?.. Во, здэцца, Рыгор прачнуўся... Яна мігам вылецела з пакоя, і Пятрусь пачуў часты асцярожлівы стук у дзверы. Ен дагадаўся, што гаспадыня будзіць Рыгора, але не даваў на гэта выгляду.
— Хтосьці стукае за сцяною! — праказаў ён у адчыненыя дзверы.
Тая ўбегла ў пакой і паведаміла:
— Рыгор устаў; ён просіць вас да сябе. Пятрусь спакойліва выйшаў з яе пакоя і пастукаў
Рыгору.
— Братка-а-а! — выгукнуў Рыгор, угледзеўшы перад сабою Петруся.— Хіба не сню?
Яны кінуліся ў абдым і зацяжна пацалаваліся.
— Раздзявайся, вось... Мо хочаш чаго перакусіць?.. Не чакаў, ведаеш, ну, забі, не чакаў... Яшчэ нядаўна, вось, бачыў Рыму і пытаў... А пэўнага — нічога... Ну, як жа, як, кажы?
Рыгор пасобіў Петрусю зняць паліто і неадгінна заглядаў яму ў вочы. Пятрусь паціраў ад марозу рукі і спакойліва, суцешна ўхмыляўся. Яго схудалы твар выразна выпукляў падаўжэлы, здавалася, нос і праводзіў роўныя лініі ўсцяж вытырклых скронь. Вочы ўдаліся глыбей у арбіты і ўпарта змагаліся з навяваючай хвалькай ухмылкі. Знаёмы гарштур здавауся завялікім і прасторна вісеў на Петрусёвых плячах.
— Як бачыш... Некалькі месяцаў — у воду...
— Дык раскажы, усёткі...
Рыгор пазваў гаспадыню і папрасіў гарбаты.
— Госць, Сарафіна Хлораўна, неспадзяваны госць... Калі ласка, ужо...
— А я ведаю, ведаю,— суха адказала гаспадыня. Пятрусь не сцярпеў, каб не азнаёміць Рыгора з яе
нядаўнімі паводзінамі вакол яго, і праказаў:
— Напалохалася, бедная...
— Кручаная, а не бедная... Кажы лепей пра сябе...
— Мая прысутнасць у цябе ўсё кажа...
— Мала, браток, мала... Я хачу ведаць дасканала, на якіх жа правах... Рыма штосьці казала, нібыта мерыліся цябе выслаць...
— Праўда,— цішком адказаў Пятрусь.
— Такі?
— Іначай нельга. Цяперака трыццаць тры пункты — шаблоннае рашэнне... Чым жа я лепшы?
Рыгор задумаўся.
— Дык ізноў на расстанне?
— Нічога не парадзіш.
— I далёка намерыўся ехаць?
Пятрусь некалькі памаўчаў, пасля шэптам паведаміў:
— Застаюся ў Шувалаве. Днямі мецьму новы пашпарт і перад табою — другі чалавек...
— Та-ак?..
Рыгор зрабіў здзіўленую міну, пакасіўшы галаву.
— Гарбата! Можна? — перабіла з-за дзвярэй гаспадыня.
— Прашу вас... Налівай, Пятрусь... Можа б, вы, Сарафіна Хлораўна, пазычылі мне некалькі закускі... Выбачайце ўжо, але дайшло да таго, ведаеце...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34