Крыжавыя дарогi, 2 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

Праз хвілін пяць гаспадыня прынесла да Рыгора дзве талеркі з рознаю ежаю.
— Што маю, не захайце,— праказала яна. Рыгор упрошваў Петруся закусіць, а сам няўпэўнена азіраў яго з галавы да ног. На Петрусю адбіваліся ўтома доўгага адзіночнага вязнення. Яму неахвотна давалася гутарка, і на несканчоныя запытанні Рыгора ён адказваў двуслоўнымі сказамі ці кіўком галавы.
— Ну, ты бачьгўся з Рымаю? — пытаў Рыгор.
— Калі ж было!
— Дык ты наперад усяго да мяне?
— Я ўчора вызваліўся і паспеў пераначаваць ужо на волі...
— I яшчэ не агледзеўся акурат?
— Цяжка апамятацца.
Рыгор перамяніў гутарку, каб уразнастайніць Петрусёў настрой.
— А ў мяне, браток, колькі ўсякіх навін!
— Маеш навіны? — з адбіткам невыразнай цікавасці запытаў Пятрусь...
— Да цябе мала даходзіла, вядома, раскалыханая хваля нашай сучаснасці. А яна, ведаеш, неміласэрна страсае светам і топча людское жыццё, як апаўшыя лісты...
— Гэта жыццё яшчэ не вызвалілася ад жывёльных інстынктаў...
— Гэта зверху, бач; з птушынага, як кажуць, лёту... А зазірні ты ў гушчу — чырвоны смех, ды далёка не па-андрэеўску... I колькі яшчэ патрэбна сілы і волі, каб знішчыць усё гэта!..
— На нас ляжыць адпаведнае заданне... Разбярыся адно: сцяна, а за ёю бесканечная плошча зарасніку. Карчуй і карчуй, палі ды палі.
— Я веру, што рабочы клас сумее прэабразіць свет... У яго досыць дадзеных на тое, каб зняць з жыцця заношаную апранаху і адзець яго ў бліскучае, светлае адзенне... Праўда? Па-твойму?
— Мы б не жылі, каб не верылі ў гэта і не памагалі змагацца...
Пятрусь сказаў і азірнуўся навакола пакоя. Раз'юшаная нервовасць прабегла яго істотай.
— Вартавы не сочыць у шкелка,— пахлопаў яго па плячы Рыгор.
—Але ён не дае пакуль мне ні спаць, ні сядзець спакойна... Цішыня, што зараз пануе ў кватэры, дапамінае мне...
— Кінь... Я табе скажу адну навіну...
— Навіну?
— Гэля ў Пецярбурзе, ці чуў?
Пятрусь выцягнуў галаву і паглядзеў на таварыша.
— Не смяешся?
— У тым жа і справа, што тут не да смеху...
— Нават?
— Нават... Мінулай ноччу бачыўся з ёю...
— Ноччу?
— Вось іменна, што ноччу... Рыгор зняверна матнуў рукою.
— Можаш ужо дагадвацца, у чым справа... Прапала Гэля... Ад першага разу, калі яна знянацку наведала мяне, я супроць вачавідкасці не мог згадзіцца, што з ёю бяда. А ўчора... учарашняе разбіла ў шпэлах усе мае ілюзіі... Прапала, бедная, амінь...
Пятрусь не ўседзеў, а пачаў тупаць па пакоі. Відаць было, што Рыгорава паведамленне кранула яго.
— Трэба бараніць, Рыгор! Ды ці можна?
— У гэтым наша важнейшая павіннасць. Я ўжо сур'ёзна заняўся думкаю, каб яе дзекольвечы ўладзіць на працу... Жанчына яшчэ можа выратавацца, пакуль бросня цалкам не зассала... Сама, ведаеш, просіцца... I з такім замілаваннем успамінае цябе, што нельга не паспагадаць ёй. Першы раз знарок прыйшла да мяне, каб пагутарыць пра цябе... I ўчора...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34