Крыжавыя дарогi, 2 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

— Яшчэ б не заседзецца! Пытанне не лёгкае і не лростае,— адказаў Анікей.
— Ха-ха-ха! Ну, мне з Якавам Гісам не разабрацца. Гой, дзівак які... Ты паслухай толькі-ы...
Анікей тузануў Рыгора за полу паліта.
За імі чуліся чыісьці крокі і ціхае перашоптванне.
Яны вёрткім паваротам апынуліся за брамаю і павярнулі направа.
На адгоне некалькіх сажняў свірэла першая пара зеленаватых агеньчыкаў. За імі, як звенні ланцуга, ішлі другія пары: яны глядзелі з цемры ночы блішчастымі гузікамі на чорным сурдуце.
Ні жывое душы. Толькі цёмныя абрысы будынкаў.
— Няма нікога! — шапнуў Рыгор.— Давай пройдам наўскасяк і тады налева,— дадаў ён.
— Ды мне ж будзе не па дарозе,— адказаў Анікей.
— Чаму?
— Мне на Сердабольскую...
— А ты пойдзеш гэтай, як яна...
Анікей не спрачаўся. Яны перайшлі вуліцу зломаным кутом і ўперліся ў другую, яшчэ цямнейшую. Прайшоўшы не болей дзесяці хвілін, Рыгор знайшоў спраўнейшым абагнуць два кварталы першага завулка, каб на яго скрыжаванні расстацца з Анікеем.
— Я ўжо цалкам здаюся на цябе,— пасмяяўся ён.
— Здавайся, каяцца не будзеш...
Рыгор спыніўся пры мглівым святле ліхтарыка і прачытаў лічбу дома. Ліхтар далёка не вытлумачыў таго, чаго ад яго чакалі. Тады Рыгор узяў на рызыку і пераказаў да таварыша:
— Здавайся, каяцца не будзеш.
— Здаюся... А пакуль выведзеш з гэтае глушы, зусім здамся...
Абодва засмяяліся і зусім не з асцярогаю. Ніякага адказу — ні стукам, ні тупам, ні кашлем.
— Якаў мяне распацешыў, ды годзі-ы... Ну, да чаго, скажы, апошняя яго прапазіцыя?..
— I я так думаў... Інтэлігентшчына...
— Я табе кажу, Анікей...
Ім паказалася, мэрам бы хто іх наганяе... Азірнуліся... Смуглыя ліхтарыкі хаваліся пад стрэшкамі брам. Ціха.
— Зрабіць спробу не мяшае... Сотня, дзве сотні чалавек, а эфекту, во-а-а... Не праўда, мо?
— Як табе сказаць... I я гэтай думкі трымаюся... Хоць рызыкі...
— Рызыкі... Зразумела, што не без таго... Спроба, бачыш... ІІаўгода вісіць крывавы дурман... Алавяны цяжар душыць усякія пазывы... Ну, памятаеш сталовую? Во-а! У адзін момант і — Везувій... Везувій, кажу табе...
— Усё ж і Якаў меў рацыю... Перша раздаць адозвы — мэрам бы сігналам прапусціць па заводзе... А тады... Тэма — суд над дэпутатамі думы, дарагоўля мяса, нястача вугалю, цукру...
— Спроба... Аднак надзея ёсць... Важна, кажу табе, выкрэсіць хоць адну іскрачку... Зрабіць намёк, што вайсковае становішча, мілітарызацыя, узмоцненыя меры папярэджанняў, усё-ўсё — нівошта...
— Я ўсё выясняю гэтымі днямі... Нельга ж без каардынацыі... Сам разумееш...
— Ну, Якаў, Якаў! Дзівак які, не праўда мо?.. Яскравы бляск ліхтара іх перапыніў.
— Куды мы выйшлі? — запытаў Анікей. Рыгор смяяўся — то была яго вуліца.
— Паверыш, ты мяне правёў дамоў...
— Няўжо? Вось і здайся на цябе... Яны разглядалі мясцовасць.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34