Крыжавыя дарогi, 2 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

— Даю слова... I чакаю, Ліба?
— Абавязкова наведаю... Бывайце-э!..
Рыгор паглядзеў ёй услед і загадліва пацяў плячыма.
Калі ж пешаходы засланілі ад яго і Лібу і раненых, ён крута рушыў з месца і пайшоў на празрысты ліхтар, умацованы на сутыку трох праспектаў.
Перад высокім шасціпавярховым каменным гмахам па Захараўскай вуліцы грамадзілася многа якіхсьці людзей, адзетых у жоўтыя і белыя кажухі, у шэрыя халаты і падхалаткі. У многіх з іх віселі за плячыма зрэбныя, памурзаныя клумкі. За малым выключэннем — яны былі абуты ў ліпавыя ці лазовыя лапці, у да калень абкручаных аборкамі анучах. Адны з іх выходзілі ў дзверы дома, лаючыся на некага і нешта, другія, відаць, пабывалі ўжо ў ім і спакойліва абгаварвалі вынікі наведвання.
У многіх, слабей адзетых сінелі худыя твары і на вытаркшых насах віселі каплі. Другія падскаквалі на месцы, грэючы ногі, часта прамочаныя навылёт; іншыя старанна паціралі рукі. Ніводзін не рашаўся пакінуць намерзлых тратуараў і аддзяліцца ад грамадкі. У грамадцы ішла мерная, з адбіткам хвалявання, але з выразнаю доляю жальбы і безнадзейнасці, ажыўленая гутарка. Большасць прагна, уталопна глядзела між двух слупкоў пад стрэшкаю ў вузкія зялёныя дзверы, раз-поразу стукаўшыя праваю форткаю. На выходзіўшых з дзвярэй накідаліся чалавек па двое — па чэцвера і доўга і нечага распытвалі.
Пешаходы і рамізнікі з пасажырамі ўважліва супынялі на гэтай жоўта-шэрай пляме з людзей свае цікавыя ўзрокі; некаторыя прыпыняліся воддаль, каб хоць паглядзець на іх ці паслухаць іх незнаёмае гутаркі. Ад іх нясло потам і пахам чорнага хлеба. У памятых і закаравелых кажухах ды халатах, у парваных лапцях выглядала жорсткая доля.
Рыгор спыніўся каля грамадкі якраз у той момант. калі з дзвярэй дома выйшла двое маладых мужчын у аблезлых маньчжурках, з дубовымі дручкамі ў руках, прагукаўшы грамадцы:
— Для трыццаці памяшканне вызначана. Пойдам, дзядзькі.
Адным замахам рушыла з месца да паловы грамадкі. Яна накіравалася ў бок Басейнай. Рэшта падалася бліжэй да сцяны дома і моўчкі цягнула чакаць.
Ш з водных вуснаў не чулася скаргі на пайшоўшых. Ніхто, таксама, не выказваў выяўнага нецярпу на доўгае стаянне. Відаць было, што пачуццё пакоры і замірэння з сапраўднасцю загартавала іх цярпенне і спакой.
Рыгор толькі ўгледзеў грамаду з-за рога вуглавога дома, як зразу дагадаўся, у чым справа. Жоўтыя кажухі і паўшубкі гербавалі сабою беларускія прасторы, ціхія паніклыя вёскі.
Яшчэ зусім нядаўна па раскіданых ва ўсе бакі шляхах і гасцінцах тупалі гэтыя людзі за дробнымі худымі канякамі. 3 сёл у мястэчкі, з мястэчак у горад перавозілі яны рэшткі плёнаў свае працы, кароўку ці свінку. Адпраўляліся ў лясы на сечку дроў, да паноў У двары і фальваркі на падзённую працу. Нядзелямі Ды святамі кішэлі імі рынкі. Саматкань, зрэб'е, гаршкі і бандарныя рэчы, лыка і тальку мянялі яны на медзякі для падаткаў ды акцызу.
У нізкіх курных хатах, з земляною падлогаю, упярэмеж з курамі і гавядай караталі яны сваё жыццё.
Сумнае святло лучніка ці светаша сімвалізавала іх дабрабыт, іх культурны і эканамічны стан. Вузкія шнуркі зямлі, патаптаныя шырокімі, трэсканымі нагамі, дагледжаныя ад каменняў і дзярыны, не давалі ім умерці з голаду. Пра іх быў клопат у ўрадніка і ў папа, толькі клопат асабовы, драпежны і дзікі.
А гэта во...
— Вы з якое прычыны сабраліся тут, дзядзькі? — запытаў Рыгор у двух пажылых сялян.
— Сынок мой, няўжо табе невядома? Сівабароды, са ўпалымі шчакамі, з тоўстым, бульбінаю, носам, затрос рэдкаю бародкаю. Даўгая арэшына, на якую ён апіраўся, каўзанула наперад.
— Гэта наша не астатняе прыстанішча,— дадаў другі дзядзька, абросшы жоўтымі валасамі ад вушэй да барады.
— Мы зранку тут,— казаў першы.— Гэта бежанскі камітэт, і мы прыйшлі за дапамогай. Няма дзе, сыне, прытуліцца, куска хлеба няма, і мы вось...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34