Крыжавыя дарогi, 2 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

— Але, але,— пераймаў другі.— Дзесяткамі гадоў мелі зямлю і хаты, мелі хоць на чым прылажыць сваю працу, а гэта... Выгналі... Хмараю насунулася войска... Патапталі нашы палі і паплавы, паадбіралі статак і хлеб і прагналі ў белы свет.
— Ідзеце!..
Да іх падышло яшчэ некалькі чалавек. 3 напружанымі ўзрокамі настарожана глядзелі яны ў Рыгораў спагадлівы твар і прагна чакалі яго рады. Ім так мала трэ было ў гэты час! Хоць некалый суцешных сказаў, каліва ўвагі, адну-другую сяброўскую параду... Напэўна Рыгору зразумелы іх мукі, іх доўгае пакутнае вандраванне...
— Ізеце, а куды і як? — казаў першы.— У свет! Лёгка сказаць! Кідай гняздо і ляці на галодную смерць... Ды нічога не парадзіш... у іх штыкі і кулі, нагайкі і дзікія суворыя твары. У іх жорсткія сэрцы і бязлітаснае пачуццё... А ў нас?
— У нас дурная, нікудышняя пакора. У нас зайцава палахлівасць, завошта цяпер адкупаемся мукамі,— рашуча выказаў трэці і з агідаю сплюнуў.
Першы хапіў яго за руку і праказаў:
— Маўчы, Сцяпан, не кажы на вецер... А чаму ж ты пайшоў? Паказаў бы сваю смеласць і паспрабаваў бы астацца... Пераканаўся б тады... Гаворыць — ліха ведае што. Нябось — пайшоў і зараз тамсама, дзе і другія. Чаго б лепшага, а глядзі, нябожа, дарога, напэўна, яшчэ ўся не пройдзена.
— Кінь, Андрэй, злавацца. Каго ты ўшчуеш, га? — пераняў яго другі.— Думаеш, чалавек не разумее нас і без гэтага?
— Разумею, дзядзькі, усё разумею...— спагадліва падаў Рыгор і заўважыў, як некалькі лахматых галоў яшчэ шчыльней нахіліліся да яго.
— Чаму ж не ведаць? Хто зараз не ведае гэтага страшнага пекла? Наша гора свет заліло, браткі мае. Яно не можа не пачуцца навокалвакола. Гора, гора, добры чалавек,— вякамі не вычарпаць яго, патомкам не забыцца... Во, глядзі на нас — старцы — не старцы, валацугі, брадзягі... А завошта? Запытай нас — завошта-а? Перад кім і што мы саграшылі, чалавеча добры?.. Ніхто не кажа. Багацеі ўздумалі — і доля наша вырашана.
— Ідзі-ы...
— Пакора, дзядзька, дазволіла на гэта...
— Ты ізноў,— азірнуўся Андрэй.— Не правучыла цябе нівошта...
— I каб ты бачыў, як мы ішлі, каб ты бачыў, сыне, ты б не вытрымаў, гледзячы,— перабіў першы.— Ад Ваўкавыска — на прасцяк, як вокам кінуць, роўная дарога. Мэрам гэта, вось, вуліца. I ўся, не згледзець, загружана людзьмі, падводамі, жывёлаю. Пыл, стогны, конскі рогат і сабачы брэх — адзін гвалт, вялікі, страшэнны крымінал. А ззаду — промін. Усё неба, сынок, з гэткага, во, проміну, як той ліхтар, так во і калыхаецца над нівамі, над дубровамі. Камякі чорнае сажы — агромністымі каршукамі па зялёнай руце ліста, па сіняй валошцы, па белым цюцюпане — лажыцца і сажыць, лажыцца і мяртвіць. I сэрцы разам мруць, сціскаюцца тоўстымі халоднымі рэхвамі,— сынку, падумай,— то ж у дыме тым нашы хаты і гумны, наседжаныя гадамі мясцінкі. Наша праца, наша ўсё, што мы мелі, што нажылі, чым хваліліся і на што апіраліся. А нівы гайдаюцца, братка мой, густым ядраным коласам, залатою пруткаю саломаю — якія б выходзілі кулькі, як бы хораша выглядалі новыя стрэхі! — Гэта жыта дратавалі коні, не тыя, што ўспахалі яго, а тыя, з якіх на нас глядзелі сіберныя твары казакаў... I жыта, і ячмень, хлеб і аладка — усё, усё — пазадзе. Адвернешся, нябожа, і няма сілы адарваць ваччу, прыкоўвае болем і жудою, заве, вабіць назад. Назад — да ведамага, да ператупанага, да перамацанага, да... Ды назад нельга...— гоняць, націскаюць. Ідзі наперад, туды, дзе чакае невядомае. I мы ішлі, цягнуліся, валакліся... Галодныя, забруджаныя, абаўшывеўшыя... Дзень і другі. Ноч ды другую. Тыдні — насустрач яснага, але халоднага сонца... Ішлі, знерваваныя, з падбітымі нагамі, нямытыя, злосныя на людзей і на сябе, ачумелыя...
Па баках яшчэ стаялі ціхія, неўзварушаныя вёскі... Пасвіліся коні, выраеталі мэндлі і копы. Дзяўчаты пелі жніўныя песні. На шырокіх межах, на сценках і сцежках стаялі гэткія, як мы, сяляне і глядзелі на нас і спачувалі нам. Нашы дзеці прасілі ў іх малака, яблычка, кавалачка сала. Ды ці ж усім надаешся? Глянеш — а ўсцяж даўжэрнае дарогі, як вокам кінуць, ідуць і едуць, становяцца і топчуцца на месцы. Бо што ж ты думаеш — паўкраю ў дарозе. Узнялі і пагналі. Ідзі-ы... Куды ж і колькі-ы ісці — няведама... Стаімо, вось і думаем, што заўтра, пазаўтра — кідай горад і далей-далей-далей...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34