Крыжавыя дарогi, 2 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

— Усё ж бы... Аднаму, другому знаёмаму і дзесятак...
— Гэта малая дапамога. Ды мне, ведаеш, нязручна ўсюды хадзіць, пакуль яшчэ не ўладзіў са сваімі справамі.
— А хіба ж яшчэ не ўладзіў?
— Згадзіся, што не. На Воздухаплавацельным — цяжка ўстроіцца... I я ўжо намерыўся ехаць у Маскву...
— У Маскву?!
Рыгор вытарашчыў вочы.
— Так, браце, іначай не выходзіць.
— Дык мне жадаеш аднаму аставацца?
— Як таго ні шкада, а даводзіцца. Я з гэтае прычыны і зайшоў да цябе, Рыгор. Прапануюць месца ў Народным банку, і мне думаецца, што гэта праца якраз для маіх разгойданых нерваў... Там жа ўладзіцца і з пашпартам. А з білетамі... Так, я мушу гэта — але што значыць праданых пара білетаў.
— Вось не чакаў я тагоі Гм! Шкада, шкада, Пятрусь, мне расставацца з табою. Ды, прынамсі, на колькі — нічога пэўнага не скажаш? А ў наш час — кожны дзень за год, і хто ведае... Зразумела, што продажам білетаў мала дапаможаш.
Далей яны пакінулі гутарку пра спектакль і заняліся абгаворам Петрусёвых спраў.
— Так, хто ведае... Думалася яно так, а выходзіць...— шкадаваў Пятрусь.
— I нельга змяніць?
— Дзе ж ты бачыў... Ды ці варт! Я ўжо думаў пра гэта і рашыў... Я напішу табе — толькі злезу з цягніка. Ну, вось, прасіў бы, цябе, браце, аднаго.
— А менавіта?..
— Ты не забывай адпісваць на мае лісты.
— Што ты выдумаў! Ласне можна дапусціць. Усё ж і ў Маскве не забудзь пра бежанцаў...
У гэты момант за дзвярыма некалькі разоў пераказалі Рыгорава імя. Чыйсцьці невядомы, басісты голас зычна гудзеў у пустым калідоры кватэры. Хлопцы прыслухаліся. Пятрусь паспешна стаў апранацца.
— Ты куды гэта?
— Ды ці ёмка мне аставацца?
Пятрусь не паспеў зашпіліць лаліта, як у пакой увайшоў сярэдняга росту, у добрым зімовым паліце, грубы, даўгавусы чалавек. Ён спрытным замахам рукі зняў баярскае формы коцікавую шапку і запытаў:
— Я не перашкаджаю?
— Калі ласка, сядайце! — адказаў Рыгор, падаючы зайшоўшаму крэсла.
— Я перапрашаю вас, Нязвычны. Я, памятаеце, наконт вашай просьбы. Зараз якраз выдалася месца ў нашым цэху для аднае жанчыны. Якаво з вашай кандыдаткай?
Рыгор зразу дагадаўся, у чым рэч, і радасна адказаў:
— Вельмі дзякую вам; вы, проста, выбаўляеце чалавека.— Гэта наконт Гэлі,— абярнуўся Рыгор да Петруся, які стаяў пры стале, уткнуўшыся ў газету.— Дзякуй яму, таварыш не забыў.
— А мне што ж, прасілі— і я лічыў таварыскім абавязкам паведаміць... Няхай зойдзе, скажаце, у інструментальны цэх і запытае Палікара Лазарчука.
— Калі б то лепш? — запытаў Рыгор.
— Не пазней паловы лютага. Месца, трэба сказаць, не дрэннае. Рублёў паўсотні выжане ў месяц.
Ён устаў.
— Прашу пасядзець... Як у вас з настроем, скажэце? — пацікавіўся Рыгор.
— Настрой паднімаецца... Але, зразумела, не так, як бы таго хацелася... Вось і дзевятае студзеня — перш памкнуліся баставаць, а датыркнуліся справы, каму пачынаць — дык на нас чалавек сарака і абышлося.
— Патрэбен штуршок. Ды добры штуршок; а без гэтага — цяжка раскачацца... Так... Знача, як толькі захоча яна — няхай ад дванаццатай да другое — кожны дзень. Палікар Лазарчук — мяне ведаюць.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34