Крыжавыя дарогi, 2 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

— Я буду шукаць табе месца... Цяпер лёгка знайсці... Толькі кінь сумаваць... Ды, нарэшце, ты маеш бацькоў, якія...
Гэля ізноў змяніла настрой.
— У мяне няма бацькоў — я адна. У мяне і блізкіх няма. Толькі ўсяго...
— Палічы мяне хоць бы знаёмым, Гэля... Няўжо ты думаеш, што я не магчыму адгукнуцца ўсякі раз, як ты...
— Даруй, Рыгорка... Ты дай мне хоць пару рублёў... Я хоць чаравікі папраўлю, а то ногі вылазяць...
Рыгор падышоў да Гэлі і моцна паціснуў ёй руку.
— Калі ласка, я магу табе пазычыць пяць рублёў... Вось, апошнія — толькі глянь празрыстымі вачыма наперад, Гэля!
Ён перадаў ёй скамечаную паперку.
— Дзякую... Вельмі дзякую табе, Рыгор... Я хутка ж пастараюся вярнуць... Няпраўда, я зараблю і вярну... Няўжо такі для мяне не знойдзецца' працы?
Гэлін твар перавабразіўся. На бледных шчоках адзначыўся лёгкі руж. 3 вачэй збегла цягучая асавеласць. Знайшлася варушлівасць. Яна здзела палітцо і іранічна адазвалася пра зношаную картуновую блузку.
— Не пасуе да пецярбургскіх умоў, га? А даводзіцца мірыцца... Часы пераменчывы... Ты, Рыгор, будзеш ласкаў пастарацца месца?.. I яшчэ прашу цябе, браток, кланяйся Петрусю... Можа, яму гэта нішто, а для мяне... Кланяйся яму і скажы...
Яна паправілася:
— Лепей не кажы нічога... Я перад табою магу душу адкрыць, а Пятрусь... Пятрусь недаверак... Помніш, Рыгор, Сілцы? Я табе казала не раз... Паверыш, вось да цябе ў мяне столькі павагі, што ты... У Смагіне ты ашчаслівіў мяне нашай стрэчаю, а тут... Я не чула ног пад сабою, угледзеўшы цябе на Неўскім...
Рыгор папрасіў у гаспадыні гарбаты.
— Я табе, Гэля, веру... I прашу, разам з тым, забудзь прыкрыя хвіліны... Ад Захараўскай у Лясное ты дарогу ведаеш... Кожны раз ты можаш ка мне прыехаць і няскрытна паведаць пра ўсё...
Гаспадыня прынесла гарбату. Рыгор увішна наліў шклянку і падаў Гэлі.
— Дзякую, Рыгор. Мне час ісці, а то камітэт...
— Я цябе правяду... Пі...
Гэля ўзяла шклянку і тут жа паставіла назад.
— Зусім запямятавала! — весела праказала яна да Рыгора.— Хоць жыццё прымушае плакаць, а я знарок буду весяліцца...
— Брава, Гэля!.. Весяліся, пой і змагайся...
— У мяне рэч усяго пра адзін вечар...
— Вонь яно што! Пра адзін вечар усяго?
— Бежанскі камітэт наладжвае вечарынку... У студзені якраз... I я, як артыстка — маўчы, Рыгор! — іграю. Ты мне хоць пару воплескаў падорыш, га?
— Я табе, Гэля-а!.. Буду чакаць цябе з білетамі... Дачакаюся?
Гэля задаволена ўсміхнулася.
I гэта Гэліна ўсмешка ўжо не сходзіла з яе твару, пакуль яна не рассталася з Рыгорам.
Цёмная ўскраінная ноч ахутала вузкі дворык чорным цалуном. Золкае паветра сціснула холадам распараныя постаці выйшаўшых з дому двух чалавек. Пасля зыркага святла бегалі калёсы ў вачах. Дзьмухаў фінскі ветрык, сыплючы ў твар калючымі сняжынкамі. Звінелі драты. Пахіленыя варотцы на ланцужку манатонна скрыпелі. Уверсе ж, над зямлёю і будынкамі, над голымі дрэўцамі і парканам калыхалася малако отсвіту. Цішыня, коўзкая і паўзучая.
— Засядзеліся,— першым вымавіў Рыгор.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34