Чырвоныя зарнiцы, 2 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19

Навошта і зачым асобная нарада для выпрацоўкі асноў будучага дзяржаўнага ўстройства Польшчы?
А-а! Новая падачка адцанелых паперак мільёнам бежанцаў.
Ха-ха-ха!
— Чытала, Ліба?
— Я ўжо сама губляюся ў гэтым скоку ведзьмаў... Яна адлажыла газету і пацягнула Рыгора за рукаў:
— Прысядзь ды раскажы мне толкам,— табе, пэўна, лепей вядома...
Рыгор у гэты момант якраз быў у павышаным настроі.
Апошнія падзеі сустракалі ў іх на заводзе жывы водгук. Яны настаражвалі кожнага рабочага, сеючы ў душных майстэрнях надыходзячую трывогу. Бягучы момант не сходзіў з абгавору, глушачы ўсе іншыя пытанні. Саматугам расла, гартавалася і крэпла баявая гатоўнасць, якая абяцала раптам, у адзін міг, абарваць разбег машын, стук малатоў, калыванне пілак і пхнуць на вуліцу з'яднанай грамадою тысячныя гушчы рабочых...
Гэты міг насіўся ў халодным паветры пецярбургскіх аколіц, і яго блізкасць хвалявэла навостранае чаканне...
Рыгор прыйшоў на кватэру якраз са сходкі, дзе гутарка ішла пра заўтрашні дзень.
— Я адно табе магу сказаць, Ліба, што ўсё ідзе да аднаго развязання... Мы перада днём падзей, якіх трудна ўявіць... Пытанне ў часе — усяго... Можа, заўтра, можа...
— Гэта ж заўтра адчыняюць Думу? — праверыла Ліба, падазрона гледзячы на Рыгора.— Ты, пэўна, не абмінеш, каб не адзначыць гэты дзень той ці іншай дэманстрацыяй?
Яна ўсміхнулася і з цікавасцю стала чакаць адказу.
— Ты непакоішся, я бачу?
— Паверыш, Рыгор, у апошні час... Слухай, адно... Уяві, што табе суджана стаць бацькам, а разам...— я часта думаю над гэтым і ўсё адкладваю, каб падрабязна абгаварыць з табою... Некалі, і ўсё гэта будзённа, шэра, няпраўда мо ? А наступнае — так цікава і, паколысі яно звязваецца... ну, ты разумееш, Рыгор?.. Задача, чую сама, але за нас ніхто яе не рашыць...
Раптоўнасць і навіна, што прагучалі ў Лібіных вуснах, на момант спавіла Рыгора шаломнасцю. Ён не толькі не меў, што казаць, а і бязмоцны быў, каб аб чым выразна падумаць. Да яго вярнуўся міг, хвіліна, падобныя якім даводзілася сустракаць пры памятных гутарках з Ганнаю, пасля з Лібаю і, між гэтым, з Наталяю. Ну, то ж быў час далёка няроўны сучаснасці. А зараз... Значыць, нанава, чарговы раз, жыццё хапала за фалды і адцягала Рыгора да зямлі ад яго надземных узлётаў.
— Небесцікава ўсё гэта, Ліба, зразумела...— праз нейкі час, мэрам бы ацверазіўшыся, праказаў Рыгор, паспеўшы прамераць некалысі разоў пакой, а пасля ценька прытуліць да сябе Лібу...— Заўтра ў нас забастоўка, і я разам з іншымі іду да Думы, але ж...
Ён прабег вострым, пільным узрокам перш па твары Лібы, а следам па яе папаўнеўшых грудзях і па прыметна ўзвышаным жываце...
Бледнасць і лёгкая заўпаласць Лібіных шчок, украдлівая жаўцізна з рэдкімі плямамі рабацення, крыху як бы павузеўшыя губы — усё гэта праліло ў яго нутро якуюсьці пякучую і разам з тым халадзеючую струмень... Яна ўсплыла на сэрца, сціснула клапаны, зацюкала ім наўздзіў моцна, здавалася яму, нават чутно для Лібы...
— Ты чуеш сябе дрэнна, Ліба?.. Ну, а чаму ты мне дагэтуль не хацела казаць?.. Хоць я, ведаеш, адчуў ужо тады, калі ты раптам захварэла...
Ускосны ўзрок зноў абмыў задуменны Лібін твар.
Вобраз мадонны з малым на руках мігнуўся ў яго шырокарасплюшчаным ваччу...
Далей адчынілася нязмерная палоса шэрых аднастайных праглядаў у затуманеную далечыню...
Пасля вырасла вузкая шчыліна-каморка, густа заграмаджаная незнаёмымі рэчамі...
Нарэшце, здалася сумная восеньская ноч, на фоне каторай раптоўна знікла белая палоса фартуха і заўсёды абудлівая чырвань крыжа...
— Я не хацела атуманьваць тваіх настрояў, хоць нешта моцна наставала на споведзі табе... Пачуццё — якога я да апошніх часоў не ведала...
Вялы, але няўмольны ківок Лібінага пальца, яе прызыўны ўзрок вярнулі Рыгора на нядаўна пакінутае ім месца...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19