Чырвоныя зарнiцы, 2 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19

— Так, з-пад моста выцягнулі і народным судом... у царства продкаў...— А ты яшчэ не дазваляла браць рэвальвера!.. Цудная! Якраз да часу...
— Магчыма! Няхай будзе адплатай за смерць Рэзніка.
— Сроля забілі? — узрушыўся Рыгор.
— Вось толькі што пакінулі яго па той бок моста... Я праехала з вярсту на грузавіку і не заўважвала яго, а раптам... стрэлы... Ён выпаў з машыны, і я чую ўмольны позыў з акрываўленага снегу...
Залапатаўшы грузавік падагнаў Рыгора ўскочыць на яго і разам з Петрусём ды Лібай ехаць далей.
— Няхай жыве рэвалюцыя! — Далоў самадзяржаўе! — гукаў ён праз некалькі хвілін пасля паведамлення пра забойства Рэзніка.
3 перанятага іх стрэчнага грузавіка адгуквалі:
— Прывітанне ад прэабражэнцаў!
— Няхай жыве рэвалюцыйнае паўстанне! Следам, ці хтосьці скамандаваў, ці грузавікі самі
раз'ехаліся, пацягнуўшы за сабою ў два дроцілеглыя канцы нямоўчнае «ўра!».
Поміж з воклікамі, што разліваліся па крывых вуліцах, па іх скрыжаваннях, на пляцах і заломах стальным клёкатам узбройненай радасці тарашчэлі пераліўным россыпам стрэлы. Між аблітых сонцам будынкаў, дварамі і вузкімі шчылінамі, яны плылі за грузавіком, то наганяючы яго, то перасякаючы дарогу.
Каля Мытнінскай вуліцы парадзеўшыя стрэлы, як кінуты на зямлю ланцуг, раптам змоўклі, каб праз хвіліну аднавіцца з-пад палаючага будынка ахранкі.
Пад заслонай чорнага дыму і языкоў полымя, што лізалі вокны і мураваныя карнізы шэра-зялёнага будынка, вецер расцярушваў абгарэлыя дакументы доў-гагадовага змагання за надышоўшы дзень... Як блудлівыя цені, вакол гаручага дома шныпарылі якіясьці людзі, старанна знішчаючы ўцалелыя паперы.
Яны мігам зніклі па глухіх задворках, за рагамі будынкаў, калі грузавік спыніўся, каб салютнымі стрэламі прывітаць палаючую ахранку.
На яго стрэлы з Кронверскага праспекта паказалася дэманстрацыя моладзі.
Яна разносіла вестку пра здачу Рэвалюцыі Петра-паўлаўскай крэпасці...
Прынесеная навіна затуліла сабою і клубкі дыму, і несціхаючыя стрэлы, і раптам вынікшы адкульсьці грузавік з хлебам, абложаны жанкамі, як мурашкамі.
— Няхай жыве рэвалюцыя!
— У-ра-а-а-а! а-а-а-а!..
Ліба матала чырвоным сцяжком над галовамі гуллівай грамады і не сціхала кідаць палкія лозунгі. Надарваны голас адбіваўся боллю ў яе горле, дрантвелі ногі ад доўгае стойкі, прыціснутай да вострага руба грузавіковай сценкі. Але яна не патурала нічому, цалкам адданая ахапіўшаму яе натхненню.
У яе між вушэй праляцела дбайлівае запытанне Рыгора:
— Ты не стамілася, Ліба?
I калі яго рука легла на Лібіны плечы, яна адказала:
— Як мы шчаслівы сёння, Рыгор!..
Уз'езд на Біржавы мост спыніў далейшую гутарку. Шырокае поле Нявы і Неўкі адцягнула на сябе іхнюю ўвагу.
Раптам Ліба ўгледзела, як дзесятак бліскучых штыкоў з грузавіка накіравала на Дварцовую Узбярэжную. Умомант, адзін за другім, бліснулі агеньчыкамі над белым снегам біл два гучныя залпы.
Голая і пустая Узбярэжная маўчала — у сценах Зімніх палацаў стаяла рэштка вернага цару войска.
— Далоў самадзяржаўе! — выгукнуў Лібін сусед. I звонкі пераліўчаты вокліч аддаўся рэхам на Неўскім прасторы.
Ён яшчэ не даляцеў да сцен мнагалікіх палацаў па той бок Нявы, не стукнуўся ў вяковыя сцены крэпасных валаў, як новая засада гарадавікоў пераняла грузавік.
— Наперад! — пачулася з некалькіх вуснаў і змоўкла ў гулкай траскатні перастрэлкі.
Ліба не ўспела вызваліць руку, каб узняць апушчаны ў сумятні сцяг, як пачула моцны штуршок у плечы.
— Асцярожлівей, таварышы!..— праказала яна і тут жа балюча, галасліва працягнула:
— Рыго-а-ар! Рыго-арка-а!.. Што-а ты, мілы мой!.. Рыго-а-ар!


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19