Чырвоныя зарнiцы, 2 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19

Па азызлым змучаным твары, па жудлівым узроку вачэй, па моцна змененай форме постаці ніяк нельга было пазнаць у ёй Рыму.
Рыгор выдаў сваё здзіўленне, якое мінула з запытаннем Рымы:
— Не пазнаеце?
— Як быццам бы Рыма, калі не мыляюся.
— Вось бачыце, чаго дачакалася. Нават знаёмыя не пазнаюць... Вы куды?
— Магу вас правясці... Ды што гэта з вамі сталася?
— Тут мяне мусіць нагнаць адзін чалавек... Ідзем да Басейнай... Дрэнна са мною, Рыгор Міхасевіч!
— У чым жа справа, скажэце?
Рыма глыбока ўздыхнула, працерла хусцінкаю вочы і паведаміла:
— Я чуць не памерла. Болей васьмі месяцаў ляжала ў лазарэце... I вось мушу з палкаю хадзіць... У ёй цяпер мае нядаўнія мары, надзеі ды жаданні...
Разнерваваная, яна выпусціла з рук палку, якую спрытна Рыгор вярнуў ёй у рукі.
— Мяне ранілі ў Маскве ў часе памятнай сутычкі з паліцыяй на Цвярскім бульвары... Куля засела ў назе... і на цэлых восем месяцаў прыкавала мяне да ложка... 3 лазарэта выйшла калекай...
Надрыў у голасе будзіў у Рыгора цёплую спагаду да няшчаснай. Рабілася страшным глядзець у Рымін твар, гэтак моцна зменены з часу апошняга спаткання з ёю. 3 жывое, бойкае, поўнае руху дзяўчыны Рыма зрабілася сумнай, непаваротлівай, пастарэлай кабетай, на выгляд гадоў трыццаці. Перажытыя ёю мукі адбіваліся і на яе настроі, нават на гутарцы, поўнай безнадзейнасці ды роспачы.
— I паверыце,— скардзілася яна Рыгору,— ні разу не бачыла Петруся. Спачатку прыезду ў Маскву наведала яго пару раз, але не знайшла ні на кватэры, ні на службе, а пакуль сабралася трэці раз зайсці — якраз сустрэла паліцэйскую кулю... Ніхто не ведае, што яго чакае назаўтра... Можа, вам, часамі, Пятрусь піша што-кольвечы ?
Адказаць на Рыміна запытанне было не так лёгка. Перад Рыгорам расчынілася карціна, якое ён не спадзяваўся бачыць. I зараз, слухаючы Рыму, яму не верылася, што тая апавядае пра сябе, а не пра каго іншага...
Як-то магло стацца, каб Петрусёвы дарогі пад гэткім вострым кутом перакрыжаваліся з Рымінымі дарогамі?
А ён жа, сазнацца, калі не ўспамінаў пра Рыму, то думаў (не хацеў думаць), што яна звязала сваё жыццё з яго таварышам. Ды хто б мог дапусціць сабе, што Рыміна пачуццё да Петруся рассеецца патухшым святлом, а любімы чалавек знікне з яе небасхілу? Няўжо яна ехала з Пецябурга ў Маскву, каб там замест Петруся стрэцца з куляю азвярэлага паліцэйскага?
Ці то Пятрусь змяніў сабе, стаўшы праз гэта ўскосным вінавайцам Рымінай трагедыі?
Загадка!
Ды не ў выказ цікавая і нечаканая для Рыгора. I ён і, тым болей, Пятрусь на працягу амаль ні цэлага года — ні словам пра Рыму. А яно — вунь як!
— Піша, але зрэдку!
Рыгораў  адказ не парушыў зацяглае маўчанкі, якую перарваў нагнаўшы іх сярэдніх гадоў мужчына.
— Гольдберг прасіў зайсці да яго заўтра,— паведаміў той Рыму.
— Мой стрэчны брат, пазнайцеся,— парэкамендавала Рыма.— Каб не ён, выпадкова трапіўшы ў Маскву якраз у дзень майго ранення, я ні за што не выбралася б з лазарэта. Ён, дзякуй яму, дбаў увесь час пра мяне, хоць руінай усё ж пасобіў мне яшчэ на нейкі час церці гэтыя каменні...
— Таварыш ідзе на Ражджэственскія? — запытаў Рымін брат.
— Я еду на Васільеўскі! Можа, Рыма, паедзем да мяне?
Рыма паглядзела на брата, пасля адказала:
— Няхай ужо другім разам.
— Чакаю вас. Прыязджайце з братам!
Той зняў парыжэлы капялюш і, хапіўшы Рыму за руку, павёў яе насустрач грымеўшаму трамваю.
У гэты момант з завіласці Ражджэственскай выбег стрэчны трамвай, нумар пяць.
У адзін момант яны развязлі сваіх пасажыраў у розныя, процілеглыя бакі.
Уражанні ад раптоўнай стрэчы з Рымаю займалі Рыгора праз увесь дзень.
Ён не мог ад іх вызваліцца і тады, калі яму выпадкова давялося даведацца пра зацяжнасць забастоўкі на неакрэслены час.
Трывожная нотка ў паведамленні, якое перадаваў яму напатканы сябра дэлегацыі, коўзалася між вушэй, поўных шаломнага звону ад Рыміных слоў.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19