Чырвоныя зарнiцы, 2 частка


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19

Частыя крыкі па пакоі зліліся з ціхім стукам дзвярэй. Следам бразнула зашчапка ў выхадных дзверах, і гулкі тупат па ўсходах засведчыыў Лібе, што Рыгор ласпяшыў у завод.
Яна ў роздумах праляжала не болей таго часу, які патрабаваўся Рыгору на тое, каб дайсці да завода. Пасля задрамала.
Незнаёмы для яе завод з яго экзатычным і разам з тым чарствым ды грозным жыццём маляваў у яе мазгах заблытаныя, казачныя сцэны снення. У мігатні агромністых ценяў вырастала невыразная, туманная постаць Рыгора. Ён на момант рабіўся асяродкам эксцэнтрычнага руху, следам, вачавідкі, вырастаў у казачнага волата, пасля раптам знікаў. Калі Ліба напружана чакала яго новага з'яўлення, на заводзе паднімаўся стук і гоман. Было прыкметна, як гіганцкі молат апускаўся над гэткім жа кавадлам. I яксьці выходзіла так, мэрам бы гэты молат тоўк людскія галовы. Пасля зусім незаўважна з туманнае мігатні заводскае працы выніклі шэрагі людзей у лазарэтных халатах. Знаёмы ардзінатар іх гнаў да кавадла...
Што за прымха?
Канцэнтрычны, нервовы ўздрыг вярнуў Лібу да сапраўднасці.
Яна расплюшчыла вочы і агледзела пакой,— лістападаўскае сонца залаціла яго сцены і доўгімі шнуркамі расцягалася па блакітнай коўдры на яе постаці.
— Ну, я ж чую сябе зусім здаровай!
Ліба сказала гэта не для адной сябе — няхай ведае кожны, усе, гаспадыня і Рыгор, раненыя і ардзінатар лазарэта.
Так! Уставаць!
Лёгкі скрып ложка зліўся з стукам дзвярэй.
— Вы будзеце есці курыны бульён?
Ліба абярнулася ў здзіўлены пытальнік, але гаспадыня заверыла яе:
— Я вам звару.
— Не турбуйцеся, калі ласка.
— Рыгор Міхасевіч прасіў мяне, і я адшукала на рынку на рэдкасць тлустае куранё...
— Дзякую... Я папрашу вас на пазней...
— У любы момант, Ліба Шлёмаўна.
Між апошнім сказам і паваротам да выйсця гаспадыня з хвіліну разглядала прыўстаўшую на ложку Любу. Спагадлівы ківок яе галавы супярэчыў Лібінаму настрою.
Гаспадыня не зайшла яшчэ ў свой пакой, як Ліба напалову была гатова адправіцца ў лазарэт.
Наступныя трыццаць хвілін пайшло на тое, каб яна прыбрала пасцель, напісала цыдульку Рыгору і цішком, непрыметна для гаспадыні, выйшла з кватэры.
Цёплае надвор'е спакойлівага асенняга дня абдало яе радасцю існавання. Усё ж гэтай радасці не хапала для цвёрдасці Лібінай хады. Блытаныя крокі і шолам у галаве сведчылі за дачаснасць выйсця на вуліцу.
Але вяртаць на кватэру — то значыла даць волю сумненню, і Ліба ўверана накіравала да лазарэта.
Яна задыхалася, паднімаючыся па ўсходах на трэці паверх, і з перабоямі адказвала на прывітанні хворых, сясцёр і прыслугі. Ардзінатару ж хвалілася выздараўленнем.
Той гасцінна сустрэў яе прыход на службу, тым не меней парадзіў Лібе на першы раз не заседжвацца.
— На сёння хопіць для вас пары гадзін.
— Я магу, ведаеце...
Аўтарытэтны ўзмах ардзінатарскай рукі сведчыў за лішняе спрачацца.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19